Браслаўчанка стала членам абласной юнацкай зборнай па біятлоне

Люди
Вучаніцы Браслаўскай сярэдняй школы № 2 Дар’і Гембіцкай пашчасціла трапіць у абласную каманду для ўдзелу ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод падлеткаў і дзяцей па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Дадзенае спартыўнае мерапрыемства займае лідзіруючыя пазіцыі па сваёй масавасці. Пры гэтым у ім удзельнічаюць дзеці, якія не займаюцца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. Аднак, паказаўшы добры вынік, могуць быць залічаны ў іх для далейшага навучання. Дар’я Гембіцкая здолела выступіць так, што яе ўключылі ў склад зборнай Віцебскай вобласці.

— Сёлета замест лыжаў быў крос — прыйшлося нялёгка. Ды і надвор’е выдалася не самае лепшае для бегу. Але на першай стральбе трэнер Аляксей Вайцехавіч Салак падказаў, што ў мяне адставанне ад лідара на 20 секунд. І я зразумела, што ёсць шансы. Прыбегла адной з першых. Да таго ж страляла без промахаў. І ў мяне з’явілася надзея, што ўсё ж такі магу трапіць у зборную. У мінулым годзе я заняла пятае месца і не ўдалося прайсці на рэспубліканскі этап. Але як аказалася, гэтым разам стала шостай, — падзялілася Дар’я.

— І толькі па прыездзе дадому Аляксей Вайцехавіч па тэлефоне даведаўся, што я прайшла.

Юная спартсменка займаецца стральбой у школьнай секцыі ў А. Салака з пятага класа. І заўсёды паспяхова выступае на турнірах, а ў «Снежным снайперы» прыняла ўдзел 3 разы. Яе фатаграфія вісіць на Дошцы гонару лепшых спартсменаў школы. Захапленне Дар’і падтрымліваюць і родныя, тым больш што калісьці дзядуля вёў фізкультуру, а старэйшы брат падарыў ёй вінтоўку на дзень нараджэння.

Дзяўчынка ўжо з’ездзіла на трэніровачны збор у Гарадок, дзе праходзіў яшчэ адзін адбор, але фінал спаборніцтваў пакуль перанеслі на канец красавіка. Таму ў Д. Гембіцкай яшчэ амаль цэлы месяц, каб годна падрыхтавацца да ўдзелу.■

 

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.