Механізатар: «Падараны электравеласіпед ацанілі дзеці»

Люди Экономика и финансы
Уладзімір Ажэшкоўскі — адзін з лепшых і вопытнейшых механізатараў ААТ «Слабодка-агра». І прозвішча гэтага чалавека часта гучыць на мерапрыемствах, дзе падводзяць вынікі сельскагаспадарчага сезона, расказваюць пра лепшых працаўнікоў, узнагароджваюць іх граматамі і прэміруюць.

Па выніках мінулага года ён стаў лепшым па прафесіі, аднак і дагэтуль штогод ва ўрачыстай абстаноўцы ўздымаўся на сцэну на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, дзе атрымліваў узнагароды. А калі ўзгадаць абласное свята «Дажынкі – 2019», то ў сціплы спіс браслаўчан, якія змаглі дасягнуць высокіх паказчыкаў у рабоце, таксама ўвайшоў У. Ажэшкоўскі. Справа ў тым, што механізатар летась працаваў на «Кіраўцы» і закультываваў вялікія плошчы глебы, за што атрымаў падарунак ад аднайменнага завода — электравеласіпед.

Дарэчы, такі падарунак спаўна ацанілі дзеці механізатара. Хлопцы з лёгкасцю асвоілі кіраванне нескладанай тэхнікай і з радасцю катаюцца на ёй.

Уладзімір — выхадзец з Ахрэмавецкага сельсавета. Адукацыю механізатара атрымаў у Відзах, а пасля службы ў войску прыйшоў працаваць у «Шлях Леніна». Маладога трактарыста пасадзілі за руль МТЗ-82, і хутка стала зразумела, што старанны Уладзімір любую справу імкнецца зрабіць бездакорна. Таму ўжо ў першы год яму даручылі сеяць збожжавыя культуры. Сёння ён і на рамонце, і ў полі ў першых радах. На сваім МТЗ-1221, які, дарэчы, у 2005 годзе гаспадарка атрымала новенькім і даручыла працаваць на ім Уладзіміру Ажэшкоўскаму, ён зімой развозіць па фермах кармы, у сезон займаецца іх нарыхтоўкай.

Дома механізатар трымае вялікую гаспадарку: карову, свіней, хатнюю птушку і немалы агарод.

А разважае ён так: «Калі хочаш, каб людзі цябе паважалі, трэба добра працаваць». Гэтаму і сыноў вучыць.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.