Адпачываць на лаўрах не плануюць. Як працуюць у лепшым сельсавеце

Новости
На працоўным стале ў старшыні Ахрэмавецкага сельсавета Дзіяны Тарун стос папак і дакументаў. Раз-пораз яна адрываецца ад нашай размовы на тэлефонны званок, кансультуе, адказвае… Словам, у старшыні лепшага па выніках 2019 года сельсавета спраў хапае і адпачываць на лаўрах тут ніхто не плануе.

— Атрымаць узнагароду было прыемна, пачэсна і адказна. Але трэба і надалей трымаць планку ды працаваць на вынік. Да таго ж гэта і прызнанне намаганняў многіх людзей, якія тут жывуць. Разам мы можам шмат і зробім яшчэ больш, — кажа Дзіяна Тарун.

Летась старшыні і яе памочнікам давялося пашчыраваць: тэрыторыя мяжуе з Шаркаўшчынскім раёнам і сельсавет адным з першых прымаў гасцей абласнога свята працаўнікоў сяла «Дажынкі – 2019». Сумеснымі намаганнямі з мясцовай школай былі зроблены архітэктурныя формы «Сяляне», «Вітаем», па прапанове раённых улад усталяваны дэкаратыўныя фігуры драўляных кароў. Актыўна праводзілася добраўпарадкаванне прыдарожных палос у напрамку Браслава і Шаркаўшчыны. У вёсцы Азяраўцы за грашовыя сродкі Фонду міру з’явілася альтанка, там жа жыхары і работнікі сельвыканкама разам фарбавалі і раўнялі плот, а сыравінай для гэтых мэт дапамагло ім кіраўніцтва піларам з Ахрэмаўцаў і Альгердова. Сіламі сельскага выканаўчага камітэта і жыхароў в. Дзехцяры быў зроблены навес для чакання аўталаўкі. Па вуліцах Завадская, Паркавая ў самім аграгарадку адрамантавалі і пафарбавалі дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. На працягу года на тэрыторыі сельсавета праводзілася азеляненне і кветкавае афармленне адміністрацыйных будынкаў і прыватных домаўладанняў. У Ахрэмаўцах па вуліцах Летняя і Завадская ўсталяваны падстаўкі і вазоны для кветак, дэкаратыўны калодзеж.

— Сярод дасягненняў мінулага года можна лічыць падвядзенне цэнтральнага водазабеспячэння за кошт ТБЗ «Браслаўскі» да будынка Цэнтра нацыянальнай культуры, — адзначае Дзіяна Феліксаўна. — Шмат сіл укладзена і ў музычную школу: праведзены касметычны рамонт, абсталявана безбар’ернае асяроддзе, зроблены санвузел за сродкі ўстановы і сельсавета.

Клапоцячыся пра дзень сённяшні, у Ахрэмаўцах не забываліся і пра векапомнае. Вялікая ўвага ўдзялялася і воінскім пахаванням у в. Азяраўцы, Мацешы, Замошша, Зімірка, Рэпаўшчына і ў самім аграгарадку: ачышчаны помнікі, пафарбаваны агароджы і інш. Пры гэтым дапамогу аказалі і шэфскія арганізацыі — Браслаўскі дэпартамент аховы і Ахрэмаўская школа.

Аднак, акрамя добраўпарадкавання, хапала і іншых гаспадарчых пытанняў, ад вырашэння якіх залежыць зручнасць жыцця насельніцтва. Напрыклад, стан дарог. У самім аграгарадку былі падсыпаны амаль 2 км вуліц, рэгулярна праводзілася іх грэйдзіраванне ў іншых населеных пунктах. У Ахрэмаўцах абсталявалі пляцоўку для збору цвёрдых бытавых адходаў, заключылі 13 адпаведных дагавораў. Сельвыканкам і «Браслаў-каммунальнік» правялі работы па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках, зрабілі на трох з іх бескантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця, а з дапамогой «Браслаўскага райаграсэрвіса» аднавілі пад’езд да пахавання ў в. Рукшы.

— Звычайна сельскія жыхары звяртаюцца ў сельвыканкам па дапамогу ў вырашэнні пэўных праблем. А мы заўсёды імкнемся знайсці выхад з сітуацыі. Часцей за ўсё мясцовых хвалююць пытанні ЖКГ, зямельнага заканадаўства і дарожнай гаспадаркі. Так, у мінулым годзе па калектыўнай просьбе жыхароў в. Азяраўцы дапамаглі ўсталяваць дарожны знак «Абмежаванне хуткасці». Увогуле ж летась было праведзена звыш 700 адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян, што тычыліся розных сфер жыцця, — распавядае пра свае будні Дзіяна Тарун.

Як спраўляцца з такой вялікай тэрыторыяй і сачыць за парадкам на ёй, калі пры такім аб’ёме розных спраў у сельсавеце працуе ўсяго некалькі чалавек? На дапамогу прыходзяць мясцовыя дэпутаты, старэйшыны, актыўныя жыхары, арганізацыі і прадпрыемствы.

— З кожным чалавекам стараемся знайсці ўзаемапаразуменне. Так, не абыходзіцца без праблем. Але ў каго іх няма? Я ўдзячна ахрэмаўчанам, якія падтрымліваюць мае прапановы і прыходзяць са сваімі. На бягучы год у нас таксама шмат планаў! Так разам мы і пішам прыгожы летапіс нашай малой радзімы, — лічыць Дзіяна Тарун.■