Малады спецыяліст: «Хачу ўбачыць Браслаўшчыну ў яе летнім харастве»

Актуальное Люди
Упершыню маладога спецыяліста ААТ «АГРАВІДЗЫ» Вікторыю Нарубін сустрэла, калі тая на пасадзе бухгалтара па жывёлагадоўлі працавала ўсяго толькі два тыдні. Тады разгубленая дзяўчына расказвала, што толькі ўліваецца ў рабочы працэс і разумее: давядзецца многаму навучыцца. Нядаўна зноў размаўляла з Вікторыяй і распытала, як яна ўладкавалася на сваім першым працоўным месцы.

— Складана было ўнікнуць у дробязі: падлікі, справаздачы, даведкі, як усё гэта правільна афармляць. Такому ў каледжы нас не вучылі. Удзячна калегам, бо дапамаглі разабрацца і цяпер тлумачаць тое, што не разумею, — расказвае пра цяжкасці мая суразмоўніца.

Сама ж Віка з Наваполацка. Вучылася яна ў Полацкім каледжы па мэтавым накіраванні, таму пасля заканчэння ўстановы прыехала на адпрацоўку ў «АГРАВІДЗЫ». На лёс не наракае, кажа, што разумела, у чым заключаецца праца па атрыманай спецыяльнасці, а таму была гатовая да своеасаблівай «сельскагаспадарчай рамантыкі». Радуе дзяўчыну, што ў гэтай жа гаспадарцы працуюць яшчэ тры маладыя спецыялісты, усе яны ў добрых адносінах паміж сабой.

З жыллём, расказвае Віка, праблем не было, бо кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства паклапацілася пра гэта загадзя. Дзяўчыну пасялілі ў інтэрнаце Відзаўскага каледжа. Умовы там неблагія. Пра зарплату кажа — прымальная, для адной хапае.

Кожныя выхадныя Вікторыя ездзіць да бацькоў, таму што вельмі сумуе па іх, любімым горадзе і сябрах, якія жывуць у Наваполацку.

Браслаўшчына дзяўчыне таксама падабаецца, асабліва яе прыродная прыгажосць. Уражвае колькасць азёр. Віка чакае лета, каб, нарэшце, убачыць гэты край у сапраўдным харастве, такім, якім яго палюбілі і памятаюць тысячы турыстаў з розных куточкаў свету.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.