Браслаўчане сталі лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў

Власть и общество
Не перастаюць радаваць добрымі звесткамі навучэнцы Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Практычна кожны месяц яны становяцца пераможцамі і лаўрэатамі розных конкурсаў.

Дыплом ІІ ступені рэгіянальнага фестывалю-конкурсу фартэпіяннай музыкі атрымала вучаніца 3 класа Соф’я Пракоф’ева. Гэтае творчае спаборніцтва праходзіць раз у два гады на базе Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сёлета ён сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — 94 юных піяністаў. Як расказала педагог дзяўчынкі Таццяна Фярко, Сафія выканала 3 рознахарактарныя творы і стала другой сярод 26 канкурсантаў малодшай групы.

— Справіцца з хваляваннем было складана, бо ёй усяго 8 гадоў, а выступаць у незнаёмай зале на чужым раялі — выпрабаванне на майстэрства і ўпэўненасць у сабе, — адзначае педагог. — Сафія — вялікая малайчына, вельмі яркая музычная дзяўчынка. Але асаблівыя словы падзякі мне хацелася б адрасаваць маме канкурсанткі Надзеі Пракоф’евай за разуменне, цярпенне і вялікую падтрымку.

Лаўрэатам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе стаў і навучэнец 5 класа баяніст Уладзімір Чагарын, які займаецца ў Ірыны Белусь. Гэтае мерапрыемства збірае выканаўцаў на народных інструментах. Конкурсныя праслухоўванні праводзіліся сярод юных музыкантаў, якія іграюць на баяне, акардэоне, цымбалах, домры, гітары, па 4 узроставых катэгорыях. Толькі ў намінацыі «Баян-акардэон» прынялі ўдзел больш за 80 вучняў з усіх абласцей нашай краіны.

Выступленні ацэньвала кампетэнтнае журы. У яго складзе — загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, саліст Прэзідэнцкага аркестра Аляксандр Шувалаў, кампазітар-баяніст, чые творы на ўсіх конкурсах з’яўляюцца абавязковымі для выканання, Аляксандр Пажарыцкі, загадчык кафедры народных інструментаў гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Дзмітрый Жураўскі.

Уладзімір Чагарын, які ўжо мае конкурсны вопыт і з’яўляецца дыпламантам розных мерапрыемстваў, чарговы раз пацвердзіў свае навыкі ігры, паказаў майстэрства і заслужана папоўніў скарбонку музычных дасягненняў яшчэ адной узнагародай.■