У класах і анлайн. Як цяпер арганізавана навучанне ў школах Браслаўшчыны

STOP COVID-19! Актуальное
Сёлета вясновыя школьныя канікулы праз эпідэміялагічную сітуацыю зацягнуліся і доўжыліся замест аднаго тыдня аж тры. Але вымушаны адпачынак скончыўся, і 20 красавіка вучні вярнуліся за парты. З аднаго боку, трэба наганяць прапушчанае і паспець прайсці праграму, між тым 4-я чвэрць выпадае нязвыкла кароткая — толькі шэсць тыдняў. З другога — не ўсе бацькі наважыліся адправіць дзяцей у класны калектыў: многія палічылі за лепшае пакінуць іх дома. «Браслаўская звязда» пацікавілася, як ідуць справы ва ўстановах адукацыі раёна.

Напярэдадні заняткаў у Мінадукацыі паведамілі, што згодна з апытаннем 40 % бацькоў маюць намер адпусціць дзяцей у школу. У пачатку тыдня колькасць вучняў за партамі склала па рэспубліцы 30 – 40 %. У нашым раёне гэта лічба аказалася нават большай. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела Браслаўскага райвыканкама па адукацыі Ірына Мацук, напрыклад, у аўторак у нас займаліся 1 282 навучэнцы, альбо 56 % ад агульнай колькасці. Працэнт вагаецца ў залежнасці ад мясцовасці: у вясковых школах ён крыху большы — 70 %, у гарадскіх меншы — 47. Калі ж глядзець па класах, то па напаўняльнасці вылучаюцца старэйшыя. Гэта зразумела: наперадзе ў выпускнікоў экзамены.

 

УРОКІ Ў ШКОЛЕ

Хоць званок па-ранейшаму кліча дзяцей на ўрокі, безумоўна, сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ўнесла свае карэктывы. Цяпер намаганні педагогаў скіраваны, акрамя арганізацыі адукацыйнага працэсу, на падтрыманне эпідэміялагічнай бяспекі падчас знаходжання вучняў у калектыве. Так, раніцай настаўнікі замяраюць тэмпературу ў сябе і апытваюць дзяцей на наяўнасць сімптомаў рэспіраторных захворванняў, кантралююць выкананне неабходных санітарна-прафілактычных мер — дэзынфекцыю рук на ўваходзе і іх мыццё на працягу дня, захаванне пэўнай дыстанцыі, праветрыванне памяшканняў. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны дэзсродкамі, тэхработнікі рэгулярна праціраюць дзвярныя ручкі і лесвічныя пярылы. Змяніўся і парадак харчавання: цяпер у сталовую заходзіць толькі адзін клас — згодна з асобным раскладам.

Не магла не пацікавіцца ў браслаўскіх настаўнікаў, як жа ім працуецца ў новых умовах. Здавалася б, з меншай колькасцю вучняў працаваць прасцей, але тут ёсць свае цяжкасці: урокі весці даводзіцца ў сродках індывідуальнай аховы, што не вельмі зручна. Некаторыя мае суразмоўцы скардзіліся, напрыклад, што ў масцы трэба павышаць голас, напружваць звязкі, каб дзеці добра ўсё пачулі. Асабліва гэта датычыцца настаўнікаў, якія выкладаюць гуманітарныя дысцыпліны. Ім, дарэчы, і маскі даводзіцца мяняць часцей — да 5 – 6 за дзень.

 

ЗАНЯТКІ Ў РЭЖЫМЕ АНЛАЙН

А што ж робяць дзеці, якіх бацькі пакінулі дома? Таксама займаюцца. Па словах І. Мацук, для іх школам рэкамендавана арганізаваць адукацыйны працэс з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Такое навучанне ўключае ўзаемадзеянне педагогаў і дзяцей, азнаямленне вучняў з асноўным аб’ёмам матэрыялу, іх самастойную работу, а таксама кантроль набытых ведаў і ўменняў. Для гэтага можа быць задзейнічаны Вайбер, школьны сайт, Скайп і іншыя рэсурсы — кожная ўстанова адукацыі выбірае ў залежнасці ад магчымасцей і тэхнічнага забеспячэння. Як ужо паказала практыка, большасць школ карыстаецца электронным журналам і дзённікам на Schools.by. Тут у настаўнікаў ёсць магчымасць, акрамя звыклага дамашняга задання, прымацоўваць яшчэ і файлы з каментарыямі.

Многае залежыць і ад ступені валодання педагогамі камп’ютарнымі тэхналогіямі, і некаторыя браслаўскія энтузіясты ўжо паспелі здзівіць бацькоў відэаўрокамі. Дарэчы, самой нядаўна падчас абедзеннага перапынку давялося папрысутнічаць у сына на анлайн-занятках з настаўнікам дзіцячай школы мастацтваў. Вельмі прадуктыўна! У бліжэйшыя ж дні ў школах чакаюць дакумент Мінадукацыі, які рэгламентуе пытанні ацэнкі ведаў і атэстацыі навучэнцаў, што займаюцца дома.■

 

Жанна БЯЛЬКО.