У Браслаўскім раёне створана прафсаюзная каса ўзаемадапамогі

Власть и общество
Па 2 % ад членскіх узносаў кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі будуць пералічаны ў агульную «касу ўзаемадапамогі» Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Гэтыя сродкі будуць выдзяляцца на дапамогу работнікам, якія аказаліся ў складаным матэрыяльным становішчы ці на лячэнні, а таксама на закупку сродкаў дэзынфекцыі, масак, пальчатак. Такое рашэнне было прынята ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Аналагічныя «касы ўзаемадапамогі» арганізоўваюцца па ўсёй краіне.

Акрамя гэтага, для вырашэння аператыўных і важных пытанняў у райаб’яднанні створаны штаб, у які ўвайшлі старшыні галіновых арганізацый прафсаюзаў. Трэба адзначыць, што пярвічкі раёна актыўна ўключыліся ў прафілактыку каранавіруснай інфекцыі.

— Ствараць для людзей бяспечныя ўмовы працы — на гэтым сканцэнтраваны нашы сілы, — расказала старшыня раённага аб’яднання Вераніка Сінькевіч. — Намаганні прафсаюзных актывістаў скіраваны на тое, каб работнікі на сваіх працоўных месцах былі забяспечаны маскамі і сродкамі дэзынфекцыі, праводзяцца гутаркі на тэмы важнасці выканання санітарна-гігіенічных нормаў. Таксама пярвічкі выдзяляюць грошы на набыццё антысэптыкаў і іншых рэчаў. Напрыклад, прафсаюз ЦРБ заказаў касцюмы і маскі для медыкаў, ДЭУ-34, Беларусбанк таксама набылі маскі. Хто чым можа, тым і дапамагае наймальніку ў абароне здароўя людзей.

Словам, Браслаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў сочыць за сітуацыяй і гатова прыйсці на дапамогу ў любы момант.■

 

Алена НАБЕЕВА.