Лялька «Салдат Перамогі» прынесла браслаўчанкам прызавое месца на абласным конкурсе

Вялікай Перамозе - 75
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў абласны этап Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной дзіцячай творчасці «Салют Перамогі – 75!». У ім прынялі ўдзел больш за чатырыста навучэнцаў, што займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах адпаведных накірункаў, з устаноў адукацыі ўсіх раёнаў Віцебшчыны. Сярод іх і дзевяцікласніцы Ахрэмаўскай ЯССШ Эльвіра Радзэвіч і Вікторыя Карсюкевіч, якія ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.

Прызавое месца ў абласным конкурсе дзяўчатам прынесла работа «Салдат Перамогі».

— Практычна ва ўсіх сем’ях жыхароў Беларусі ёсць дзяды ці прадзеды, якія ваявалі ў тыя далёкія ваенныя гады, — расказвае гісторыю стварэння вырабу настаўніца абслугоўваючай працы Вольга Лысёнак. — І мы вырашылі ўвасобіць вобраз маладога салдата, які вярнуўся дадому, — вясёлага і бравага. Калісьці маці мне расказвала пра дзядулю: менавіта такім прыйшоў ён з вайны, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна, меў узнагароды.

Па ўмовах конкурсу, акрамя адпаведнасці заяўленай тэме, работы ацэньваліся таксама па выкарыстанні тэхналогій, мастацкім узроўні, арыгінальнасці ідэі і самабытнасці яе ўвасаблення. Таму Эльвіра і Вікторыя сур’ёзна падышлі да падрыхтоўкі: аж тры тыдні з В. Лысёнак, якая вядзе ў школе гурток «Каларыт», прадумвалі і рабілі ўсе дробязі. Давялося шукаць выкрайкі салдацкай пілоткі ў інтэрнэце, дзяўчаты стараліся праўдападобна зрабіць гімнасцёрку, пашылі рэчавы мяшок і нават боты — словам, карпатліва шчыравалі над кожнай дэталлю. У выніку атрымалася тэкстыльная аўтарская лялька: вопратка з баваўнянай тканіны, валасы з нітак, твар размаляваны акрылавымі фарбамі. Цікавую творчую работу, у якой мастацкія тэхнікі гарманічна спалучыліся з гістарычнымі рэаліямі, высока ацаніла абласное журы.

— Вельмі рада за сваіх дзяўчатак, — кажа Вольга Лысёнак. — Гэта ўжо не першы іх конкурсны вопыт. Яны абедзве добрыя рукадзельніцы, прычым вельмі працавітыя. Эльвіра восенню прымала ўдзел у раённай алімпіядзе па працы, добра малюе, удаецца ёй і шыццё. Віка таксама ўмела ўпраўляецца з іголкай, хоць і займаецца не так даўно.

Работы пераможцаў і прызёраў конкурсу можна пабачыць на віртуальнай выстаўцы на сайце Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Годна выглядае між іх і «Салдат Перамогі» Эльвіры Радзэвіч і Вікторыі Карсюкевіч.■

 

Жанна БЯЛЬКО.