Дружная каманда. Клас, у якім толькі два вучні

Актуальное Калейдоскоп Люди
У адным з утульных кабінетаў Дрысвяцкай ясляў-сада — базавай школы, здаецца, усё як звычайна: дошка са слядамі крэйды, рады парт, дзеці рыхтуюцца да чарговага ўрока. Вось толькі не ўбачыш тут шумнага вірлівага натоўпу, бо ў 5-м класе сёлета… два вучні. Такія рэаліі сучаснага жыцця: калі ў гарадскіх установах адукацыі класы перапоўненыя, пад 30 чалавек, то ў вясковых кабінетах дзяцей зусім мала. «Браслаўская звязда» пацікавілася, як адчуваюць сябе вучні ў такіх умовах.

Яшчэ год таму назад Мікіта Самусевіч і Вадзім Лапуза вучыліся ў большым калектыве: чацвёртакласнікі займаліся разам з вучнямі 2 класа. Цяпер жа на ўсіх уроках яны ўдвух. На пытанне, ці не хочацца, каб у класе прыбавілася дзяцей, абодва дружна адказваюць адмоўна, маўляў, ім і так добра. Праўда, хлопцы бачаць адзін мінус: па-сапраўднаму ў футбол не пагуляеш, толькі трэніравацца — адзін на варотах, другі прабівае. Затое тэнісныя баталіі ў іх атрымліваюцца выдатна.

Не перажываюць пяцікласнікі і з той нагоды, што адказваць ім даводзіцца літаральна на кожным уроку. Абодва не лічаць гэта нечым незвычайным.

— Я раней вучыўся ў вялікай школе, у нашым класе было амаль 30 чалавек, — успамінае Вадзім. — Неяк доўга рыхтаваў дамашняе заданне, аж два дні, а мяне і не спытала настаўніца — не паспела. Ведаеце, як крыўдна было!

Вучыцца хлопцам падабаецца. Больш непасрэдны Мікіта кажа, што школьныя прадметы для яго ўсе роўныя, Вадзім жа разважліва зазначае, што па матэматыцы часам трапляюцца складаныя тэмы. У такім выпадку вучні разам спраўляюцца з цяжкасцямі, бо сябруюць і перажываюць адзін за аднаго. Пры гэтым пэўны дух саперніцтва мае месца: паглядаюць, хто якія адзнакі атрымаў, імкнуцца не адставаць. Абодва маюць любімыя прадметы. Што цікава, і тут іх захапленні супадаюць: любяць працоўнае навучанне, мастацтва, з ахвотай малююць. Стараюцца дапамагаць класнаму кіраўніку.

— Хлопцы спакойныя, разважлівыя — такога класа я яшчэ не бачыла, — кажа іх класны кіраўнік Наталія Пушкарова. — Вельмі самастойныя вучні. Былі ў мяне раней пяцікласнікі, якія без настаўніка і кроку зрабіць не маглі, а Мікіта і Вадзім самі здольныя вырашыць многія пытанні. Яны прыблізна роўныя па паспяховасці — сярэдні бал большы за 7 — і нават настроем нібы абменьваюцца паміж сабой.

Педагогам увогуле з вучнямі пашанцавала: тыя працуюць у аднолькавым тэмпе, на адным узроўні — гэта аблягчае работу, да ўрокаў не патрэбна нейкая асаблівая падрыхтоўка. Па словах Н. Пушкаровай, хлопцы вельмі добра чытаюць, дастаткова граматна пішуць (класны кіраўнік выкладае ў іх рускую мову і літаратуру), многа паспяваюць зрабіць. Бачна, што літаральна індывідуальнае навучанне дае свой плён. Цяпер школьнікі рыхтуюцца да раённай алімпіяды: Мікіта — па АБЖ, Вадзім — па працоўным навучанні.

Пяцікласнікі актыўныя і па-за ўрокамі. Мікіта займаецца спортам, Вадзім цікавіцца гісторыяй, для свайго ўзросту ён добра разбіраецца ў камп’ютары. Удзельнічаюць яны і ў раённых конкурсах, школьных мерапрыемствах, наведваюць лагер на канікулах. Вадзім адзначае, што ў школе весела: можна паразмаўляць са знаёмымі, пажартаваць, пасмяяцца. Мікіта дадае, што яны сябруюць амаль з усімі вучнямі — і з пачатковых класаў, і са старэйшых.

Не абыходзіцца, праўда, і без пэўных нязручнасцей. Так, класны кіраўнік шкадуе, што на выхаваўчых мерапрыемствах праз малую колькасць вучняў не ўсе цікавыя заняткі можна правесці. Да таго ж, жартуе Наталія Пушкарова, ёй часам не хапае ў класе дзяўчынкі, каб вымыла акуратна дошку. Хоць і хлопцы таксама стараюцца.

Пяцікласнікам зусім не надакучвае такая нешматлікая кампанія. Нават падчас размовы яны вельмі зладжана адказваюць на пытанні: адзін сказ пачынае, другі заканчвае. Адразу бачна: Вадзім і Мікіта — дружная каманда.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.