Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі. Экскурс у гісторыю раённай медыцыны

Актуальное Браславскому району — 80 лет Калейдоскоп
Сучасная Браслаўская цэнтральная раённая бальніца знаходзіцца ў будынку, будаўніцтва якога скончана ў 1994 годзе. Сёння яна аснашчана неабходным абсталяваннем і медтэхнікай. Але які шлях развіцця прайшла раённая медыцына за 80 гадоў?

Як сведчаць нешматлікія архіўныя даныя і публікацыі, у Браслаўскім уездзе ў канцы 30-х гг. была адзіная бальніца на 35 ложкаў, ды і тая пуставала з-за высокага кошту лячэння. Пасля далучэння Заходняй Беларусі ў гэтай справе намеціліся карэнныя зрухі. Створаны аддзел аховы здароўя прыцягнуў да работы мясцовых урачоў і сярэдні медыцынскі персанал. Ім у дапамогу з усходніх абласцей Беларусі прыехалі іншыя спецыялісты. Была пашырана сетка медустаноў, бальніца павялічана да 100 ложкаў.

 

ЗНІШЧЭННЕ І АДНАЎЛЕННЕ

Да вайны ў Браславе працавалі ўсяго 4 урачы і 10 работнікаў сярэдняй медыцынскай дапамогі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўсе лячэбныя ўстановы былі знішчаны, засталася толькі адна цэнтральная бальніца без інструментаў і перавязачнага інвентару, а на агнявой перадавой працавалі вопытныя медработнікі Дар’я Цыганкова, Ганна Саўчанка, Марыя Дзянісава, Марыя Сталярова і іншыя. Пасля вызвалення спатрэбіліся вялікія намаганні, каб усё аднавіць. Шэрыя шынялі змяніліся на белыя халаты. У раён пасля заканчэння медыцынскага інстытута прыбылі на працу Іван Рамашка, Вольга Жызнеўская, Вера Шыдлоўская, Валянцін Шыдлоўскі, Фердынанд Леўша. У гады першых пасляваенных пяцігодак была цалкам адноўлена і пашырана раённая бальніца, аптэчная сетка, арганізаваны ўрачэбныя ўчасткі. Санітарная служба раёна паспяхова змагалася з эпідэмічнымі захворваннямі.

 

АДКРЫЦЦЁ ФАПАЎ І НОВЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

У 1964 годзе ў райбальніцы ўжо налічвалася 7 аддзяленняў, аперацыйная, перавязачная ды лабараторыя. Галоўным урачом быў Іван Рамашка. Як вынікае з газетных артыкулаў, медыкі ў 60-я гады не толькі стаялі на варце здароўя браслаўчан, але і прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, захапляліся мастацкай самадзейнасцю, быў арганізаваны інстытут здароўя. Так, у 1966 годзе каманда медработнікаў выступіла на абласных спаборніцтвах і заваявала 2 кубкі. Па даных на 1967 год, у нашым раёне працавала ЦРБ з 18 урачамі і 78 сярэднімі медыцынскімі работнікамі, Відзаўская бальніца з 13 урачамі і 42 медработнікамі, участковыя бальніцы ў Друі, Слабодцы, Плюсах, Барадзінічах, Далёкіх, Опсе, Казянах, 28 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 2 здраўпункты. Шырокае развіццё атрымала зубаўрачэбная дапамога. У Браславе і Відзах працавалі спецыяльныя кабінеты, былі зубныя ўрачы і ва ўчастковых бальніцах. У 1967 годзе ў раён прыйшлі працаваць 7 новых медработнікаў. Дарэчы, размяшчалася бальніца паміж вуліцамі Савецкай і Энгельса і складалася з некалькіх будынкаў. На той час там існавалі хірургічнае, тэрапеўтычнае, радзільнае, дзіцячае і іншыя аддзяленні, рэнтгенкабінет. У асобным будынку мясціліся зубны і туберкулёзны кабінеты. Працавала жаночая кансультацыя, санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Асаблівай павагай браслаўчан карысталіся Фердынанд Леўша, Вера Шыдлоўская, Марыя Папова, Аляксей Дзянісаў. Галоўным урачом у 1967 годзе ўжо быў Ф. Дарафееў, а галоўным санітарным урачом — А. Пахірка.

 

БУДАЎНІЦТВА І АКТЫЎНАЕ ДОНАРСТВА

У 1970 гадах развіццё медыцынскай сферы працягвалася. Напрыклад, у 1974-м у лячэбных установах працавалі 59 урачоў і 257 чалавек сярэдняга медперсаналу. У цэнтральнай бальніцы медабслугоўванне ажыццяўлялася на 220 ложках, дзейнічалі 7 аптэк і 29 аптэчных пунктаў, санітарна-эпідэміялагічная станцыя, 29 ФАПаў, пасялковая бальніца ў Відзах і 4 участковыя. Была наладжана работа сандружын і санпастоў на прадпрыемствах. Жыхары раёна не заставаліся ў баку ад дапамогі медыкам і па першым закліку станавіліся донарамі. Так, у 1976 годзе бясплатна здалі кроў 1 300 чалавек. У канцы 70-х былі пабудаваны новыя карпусы тэрапеўтычнага і дзіцячага аддзяленняў, фізіятэрапеўтычнага кабінета, узведзена памяшканне для санэпідэмстанцыі, круглыя суткі пачала дзейнічаць хуткая дапамога. У пачатку 1980 года ў раёне працавалі 64 урачы, 257 сярэдніх медработнікаў і 302 малодшыя, мелася 455 бальнічных ложкаў. Пашыралася матэрыяльна-тэхнічная база. Урачы атрымлівалі новае медабсталяванне, напрыклад, у 1985 годзе пачалося абследаванне пацыентаў з дапамогай фібрагастраскопа. У райбальніцы быў адкрыты другі пост хуткай дапамогі, абсталяваны радыёстанцыяй для сувязі з машынамі. Ва ўчастковых бальніцах раёна пачалі з’яўляцца апараты для запісу электракардыяграм.

 

ЦЯЖКАСЦІ ПЕРАБУДОВЫ І НАДЗЕЙНЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

У пачатку 90-х на ахове здароўя жыхароў Браслаўшчыны стаяла вялікая армія медыцынскіх работнікаў. Узводзіўся сучасны будынак цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама медустанова ў Слабодцы. У гэты час удалося адкрыць і аснасціць рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ ды укамплектаваць абсталяваннем стаматалогію. Аднак перабудова не магла не закрануць медсферу. Напрыклад, заяўка на медыкаменты ўжо ў 1990 годзе была задаволена толькі на 78 %, а па шэрагу прэпаратаў увогуле на 30-35. Нягледзячы на ўсе эканамічныя цяжкасці, медыкі раёна атрымалі новую наркознадыхальную апаратуру, стаматалагічныя ўстаноўкі, у паліклініцы пачало праводзіцца ультрагукавое абследаванне сэрца. Лячэбная сетка па стане на 1996 год налічвала 425 бальнічных ложкаў, працавалі больш за 70 урачоў і звыш 300 сярэдніх медспецыялістаў. Разам з тым медыкі адкрыта гаварылі пра тое, што мізэрнае фінансаванне галіны не дае ў поўнай меры рэалізаваць прафесіянальныя магчымасці. Галоўнай каштоўнасцю ў гэты цяжкі час былі спецыялісты, якія не здрадзілі абранаму шляху. У 2000 годзе за здароўем жыхароў нашага раёна сачылі звыш 700 медработнікаў. З гэтага часу пачаўся новы станоўчы віток у развіцці медыцынскай сферы, які працягваецца і цяпер.■

 

Алена НАБЕЕВА.

 

Рэдакцыя звяртаецца да чытачоў, якія валодаюць звесткамі пра развіццё розных сфер Браслаўшчыны, з просьбай падзяліцца гэтымі данымі, фотаздымкамі і інш.