Браслаўскія музейшчыкі прапануюць два новыя экскурсійныя накірункі: у Друю і Дрысвяты

В свободное время Спорт и здоровье
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаецца 18 красавіка. Браслаўшчына таксама багатая на славутасці. Штогод праводзіцца вялікая колькасць выязных экскурсій. На іх бываюць як мясцовыя жыхары, так і турысты з іншых гарадоў.

Сёлета гасцям нашага краю ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў гатовы прапанаваць дзве новыя экскурсіі ў дадатак да ўжо існуючых. Як расказалі ва ўстанове, тут імкнуцца да ўдасканальвання маршрутаў, таму на працягу 2019 года распрацавалі два новыя накірункі: экскурсіі ў Друю, населены пункт з багатай архітэктурнай і гістарычнай спадчынай, а таксама ў Дрысвяты, дзе турыстаў знаёмяць з касцёлам Пятра і Паўла і Петрапаўлаўскай царквой. У гэты маршрут, дарэчы, уключылі і «нулявы кіламетр» сучаснай еўрапейскай геадэзіі. Новаўвядзенні ўжо прыйшліся даспадобы турыстам і атрымалі шмат станоўчых водгукаў.

У бліжэйшы час плануецца ўвесці яшчэ адну цікавую прапанову для наведвальнікаў музейнай установы, якая будзе прысвечана настальгічнаму турызму. Як правіла, гэты напрамак цікавы выхадцам з Беларусі, у прыватнасці, з нашага раёна, якія даўно жывуць за мяжой, а магчыма, увогуле ніколі не бывалі на радзіме, бо нарадзіліся пасля ад’езду бацькоў і чулі пра яе толькі па іх расказах. Па словах музейных супрацоўнікаў, Браслаўшчыну нярэдка наведваюць турысты з Польшчы, Латвіі і іншых краін, якія цікавяцца пэўнымі перыядамі гісторыі раёна, таму ва ўстанове спадзяюцца, што і гэты напрамак экскурсійнай дзейнасці таксама будзе запатрабаваны.■

 

Алена НАБЕЕВА. Фота: Catholic.by