«Пах мыла адчула, толькі калі нарадзіўся малодшы брат». Браслаўчанка пра пасляваеннае жыццё

Вялікай Перамозе - 76 Люди
Нягледзячы на тое, што гераіня нашага артыкула нарадзілася ў 1945 годзе і не бачыла ўсіх жахаў вайны, дзяцінства яе было нялёгкім: голад і разруха наклалі адбітак на ўсё жыццё. Аднак было шмат і светлых момантаў, менавіта пра іх любіць успамінаць Кіра Цімафееўна Вашкун.

Нават у час вайны людзі хадзілі на працу, вучыліся, гулялі вяселлі, нараджалі дзяцей і адзначалі святы. Свае ж карэкціроўкі ў іх планы ўносілі павесткі, бамбёжкі, расстрэлы, эвакуацыі і многае іншае, але жыццё працягвалася. Бацькі Кіры Вашкун жылі на Мёршчыне, сустрэліся ўпершыню, як і многія ў той час, не на танцах… Аднойчы ў хату да маці прыйшлі сваты і прапанавалі яе бацькам аддаць дачку за прыгожага хлопца. Так і ажаніліся. У 1945 годзе наваспечанага мужа прызвалі на службу ў Чырвоную Армію, а маладая цяжарная жонка засталася чакаць яго дома. Нядоўга ваяваў салдат. У адным з баёў з фашыстамі яго моцна параніла асколкамі міны. Са шпіталя ён вяртаўся дамоў ужо пасля Вялікай Перамогі. На парозе іх маленькай, уцалелай у вайну хаты сустракалі байца жонка і ўжо трохмесячная дачушка Кіра.

— Жылі ў беднасці — так магу ахарактарызаваць той час, — успамінае К. Вашкун. — Елі тое, што вырасла на агародзе. Хадзілі ў лес па шчаўе, збіралі грыбы і ягады. Памятаю смак грыбнога супу, вельмі яго любіла. Дома пяклі духмяны хлеб, а час ад часу маглі дазволіць сабе купіць бохан у магазіне — тады здавалася, што смачнейшага за яго і няма нічога.

Хоць мне было яшчэ толькі каля трох гадоў, але памятаю, як нарадзіўся малодшы брат. Мама была ў пакоі з нейкай жанчынай, усе мітусіліся, потым мяне вывелі на вуліцу, а калі дазволілі ўвайсці, у хаце вельмі смачна пахла дзіцячым мылам. Раней я ніколі не чула такога паху.

У 1951-м годзе нарадзіўся яшчэ адзін брат. Мне было 6 гадоў, асноўная дапамога па яго доглядзе лягла на мае дзіцячыя плечы, бо маці хадзіла на палявыя работы, бацька таксама быў заняты. Для малога тата зрабіў калыску (зыбку) і драўляную скрыню з калёсамі і ручкай, яна служыла каляскай на вуліцы.

Калі прыйшоў час ісці ў першы клас, мяне адправілі да бабулі. З ёй тады яшчэ жыў малодшы сын — малады дваццацігадовы хлопец. Хоць ён і быў мне дзядзькам, але звала яго проста Ваня. Можна сказаць, што мы былі добрымі сябрамі. Ён часта гуляў са мной, шкадаваў. Памятаю, калі вясной залівала сенажаць, праз якую ляжаў шлях да школы, то Ваня браў мяне на плечы і нёс так некалькі кіламетраў. Калі ж мне расказалі пра яго жаніцьбу, доўга плакала, бо думала, што больш ён не прыйдзе да нас і наогул забудзецца пра мяне. На шчасце, так не здарылася. І сёння мы цесна кантактуем з Іванам: тэлефануем адзін аднаму, калі трэба, звяртаюся да яго па параду.

Яшчэ адзін яркі ўспамін з майго дзяцінства — дзень смерці Сталіна. Калі па радыё перадалі гэтую звестку, у школе адмянілі заняткі, па ўсёй краіне аб’явілі жалобу. Я была ў бабулі, сюды прыехалі і іншыя нашы родныя, усе былі сумныя, плакалі і слухалі па радыё, як ідзе пахаванне. Я таксама, гледзячы на старэйшых, вельмі перажывала. Наша сям’я жыла на хутары, ад яго да школы, у якую я хадзіла ў 5 і 6 класы, было каля шасці кіламетраў. Дабрацца зімой на ўрокі было для нас прыгодай. Збіраліся каля пяці чалавек з бліжэйшых хутароў. Тата рабіў нам факел: абмотваў палку анучай, змочанай газай, і падпальваў. Мы адзін за адным, правальваючыся ў глыбокім снезе, у мароз і завіруху ішлі каля 2 гадзін да школы, але цярпелі і ніколі не наракалі на свой лёс.

Любілі, калі да нас прыязджалі маміны браты і сястра, яны заўсёды прывозілі нам падарункі. Аднойчы, напэўна, перад Калядамі, зноў наведаліся госці, мне падарылі новенькі сшытак і гумку, якая сцірае аловак, у мяне такой ніколі не было, таму вельмі абрадавалася сюрпрызу. У хуткім часе гумка знікла: ці то завалілася куды, ці браты пажартавалі, не ведаю, але перажывала вельмі доўга, бо не паспела ні сяброўкам паказаць, ні пакарыстацца. Суцешыць мяне змаглі толькі цукеркі, якія таксама прывёз дзядзька.

Дарэчы, гэты самы дзядзька са сваёй сям’ёй жыў у Опсе. Ён і яго жонка працавалі ў школе і жылі няблага. На летніх канікулах я вельмі любіла ездзіць да іх. Бацькі куплялі мне білет і садзілі на цягнік, які ішоў па вузкакалейцы, а ў Опсе ўжо мяне сустракаў дзядзька з сынамі. Я адчувала сябе дарослай і вельмі самастойнай падчас такой прыгоды.

Пазней наша сям’я перабралася ў Друю. Тут пачалося новае жыццё — гарадское. Мне, сямікласніцы, прыйшлося зноў шукаць сябровак у школе, прывыкаць да настаўнікаў. Але, шчыра кажучы, многа часу для гэтага не спатрэбілася, напэўна, таму, што я была актыўная, пастаянна ўдзельнічала ў самадзейнасці: спявала, чытала вершы, танцавала.

З самадзейнасцю наогул звязана ўсё маё жыццё. Колькі памятаю сябе, выступала на сцэне. У школе, падчас вучобы, калі працавала — заўсёды разам са мной крочыла песня. Спявала я і ў зводным тысячным хоры на першых «Браслаўскіх зарніцах», і на наступных таксама. Сёння займаюся ў хоры ветэранаў пры РЦК. Гэты калектыў стаў маёй другой сям’ёй. З дзяўчатамі (так я іх называю) дзелімся і горам, і радасцю, разам адзначаем святы, падтрымліваем адзін аднаго.

Нядрэнна склалася жыццё Кіры Цімафееўны. Удала выйшла замуж, з мужам выгадавалі і вывучылі трох дзяцей. Шкадуе толькі, што жывуць яны так далёка, рэдка даводзіцца сустракацца. Аднак аптымізму яна не губляе, мае шмат сяброў і любімую справу, у якую пагрузілася з галавой.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.