Юныя браслаўчане ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты

Человек и закон
Пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, выдатнікі вучобы, лідары і актывісты — напярэдадні Дня Канстытуцыі 25 юных браслаўчан атрымалі свой першы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Віншавалі падлеткаў са знамянальнай падзеяй кіраўнікі раённай улады, прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, праваахоўных органаў і райкама БРСМ.

Важны дакумент хлопцам і дзяўчатам уручалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і пракурор раёна Юрый Кезік.

— Сёння вы атрымліваеце свой першы дакумент. Канстытуцыя дае нам не толькі шырокія правы, але і ўскладае шэраг абавязкаў. Галоўны з іх — служыць сваёй Радзіме, умацоўваць яе, развіваць і працаваць на карысць краіны і народа. Жадаю, каб вы сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі, каб вашы поспехі ў школьным жыцці ўвасобіліся ў рэалізацыю вашых задумаў у прафесійнай дзейнасці, каб вы сваімі справамі даказалі гэтае ганаровае званне, — пажадала юным браслаўчанам Ніна Пучынская.

Разам з пашпартамі юнакам і дзяўчатам уручылі памятныя падарункі — выданні «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь».

Пасля ўрачыстай цырымоніі падлеткі разам з першым сакратаром РК БРСМ Ірынай Мурашкай прамовілі сімвалічную клятву, падчас якой абяцалі любіць і паважаць сваю Радзіму і памнажаць яе славу добрымі справамі.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.