Вызначаны лепшы сельсавет у Браслаўскім раёне

Новости
У рамках урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў мінулага года і прысваення ганаровых званняў «Чалавек года Браслаўшчыны» і «Лепшы па прафесіі» традыцыйна адзначылі і органы мясцовага самакіравання, што сталі пераможцамі ў адпаведным спаборніцтве.

Па выніках работы ў 2019 годзе лепшым сельскім Саветам дэпутатаў у Браслаўскім раёне прызнаны Ахрэмавецкі: да такой высновы прыйшоў прэзідыум райсавета пасля дэтальнага аналізу мноства паказчыкаў. Улічвалася ўсё: выкананне бюджэту, работа па падтрыманні правапарадку і пажарнай бяспекі, стварэнне на падведамаснай тэрыторыі фермерскіх гаспадарак, закуп у насельніцтва прадукцыі жывёлагадоўлі, падрыхтоўка і рэалізацыя зямельных участкаў, добраўпарадкаванне, знос лядашчых дамоў і г. д. На падставе вынікаў работы па гэтых і многіх іншых накірунках і было прынята рашэнне.

Узнагароду з рук кіраўніка раёна Аляксандра Баданіна на ўрачыстасці атрымала старшыня сельсавета Дзіяна Тарун. Дарэчы, летась лепшым быў прызнаны Опсаўскі сельсавет (старшыня Ала Даніліна).

Акрамя органаў улады, на мерапрыемстве адзначылі таксама і старэйшын. Звычайна іх тры, так было і на гэты раз. Лепшай прызнана Ганна Бейнар, старэйшына вёсак Мурмішкі і Мацелішкі Опсаўскага сельсавета. Другое месца заняў Уладзімір Адахоўскі (в. Баруны Плюскага с/с), трэцяе — Іна Ванага (агр. Богіна Далёкаўскага с/с).■

 

Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.