Скрозь дзесяцігоддзі: Браслаўшчына ў 2010-я

Браславскому району — 80 лет
Апошняе дзесяцігоддзе ў большасці з нас яшчэ даволі свежае ў памяці: шматлікія падзеі адбываліся, што называецца, літаральна на вачах. Аднак усё ж такі прыгадаем разам, чым адметнымі сталі 2010 — 2019 гг. у гісторыі краіны і Браслаўшчыны ў прыватнасці.

Пачатак дзесяцігоддзя адзначыўся для беларусаў не вельмі прыемнай падзеяй — фінансавым крызісам: курс долара вырас з 3 000 рублёў да 8 500, інфляцыя склала 108,7 % (у тым ліку прадукты харчавання выраслі на 125 %, стаўкі па спажывецкіх крэдытах — да 120 % гадавых, зарплата ў доларавым эквіваленце знізілася з $500 да $250 – 450). У 2011-м пачалося будаўніцтва БелАЭС.

Галоўным жа вынікам 2012 года стала дасягненне адноснай стабільнасці: стаўка рэфінансавання паступова паніжалася, інфляцыя была стрымана ў рамках зададзеных параметраў, рост зарплаты забяспечаны практычна да былога ўзроўню. 2014 — 2016 гг. адзначаны масавым рээкспартам тавараў з Захаду ў Расію. У далейшыя гады працягвала расці колькасць стратных арганізацый.

Аднак Беларусь умацоўвае статус донара стабільнасці ў рэгіёне, таксама адкрываецца новая старонка ў развіцці дыялогу з Кітаем. У 2017-м для іншаземных турыстаў наша краіна ўводзіць пяцісутачны бязвізавы рэжым, затым трыццацісутачны.

Пад канец дзесяцігоддзя Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю, Мінск зноў стаў пляцоўкай для буйных міжнародных форумаў па бяспецы. Наша рэспубліка трапіла ў дзясятку самых прывабных дзяржаў для вандровак і чарговы раз пацвердзіла статус спартыўнай дзяржавы на ІІ Еўрапейскіх гульнях.

Агульнае эканамічнае становішча адбіваецца і на развіцці Браслаўскага раёна. Але, нягледзячы на цяжкасці, у пачатку 10-х гадоў працягваецца будаўніцтва новага мікрараёна г. Браслава. Стала вядома, што горад прырасце населенымі пунктамі Княжына і Краснасельцы. Ішла рэканструкцыя ферм, абнаўлялася тэхніка. У Відзы прыйшоў прыродны газ. А вось насельніцтва было занепакоена з’яўленнем новага тыпу грыпу — свінога. У 2012 годзе пачалася рэканструкцыя малаказавода, дабудавана аўтастанцыя. У раён прыцягваюцца айчынныя і замежныя інвестыцыі. Значнай падзеяй у раёне было павелічэнне нараджальнасці на 4,8 % пры зніжэнні смяротнасці.

У сярэдзіне 10-х гадоў працягваецца аптымізацыя сістэмы адукацыі. Сельская гаспадарка знаходзіцца ў даволі складаным становішчы. Планавыя паказчыкі ў прамысловасці, напрыклад, у 2016 годзе не дасягнуты. Аднак свае пазіцыі ўмацоўвае ў гэты час «Браслаўрыба» і хлебазавод. Адкрываюцца новыя аб’екты харчавання: кафэ «Пляж», «Струсцянскі прытулак», адрамантавана «Сузор’е». Актыўна развіваецца турызм. У Браславе з’явіліся комплексы «Брукоўка», «Свабодная бібліятэка», абноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам, пасля рамонту адчынена дзіцячае аддзяленне ЦРБ. Набірае папулярнасць фестываль Viva Braslav. Шэрагам падзей быў адметны і 2017-ы: Браслаўскі раён упершыню занесены на абласную Дошку гонару, адчынена парусная школа і відзаўскае кафэ «Традыцыя», наваселле справілі страхаўшчыкі, працягнулася будаўніцтва шматкватэрных дамоў і добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

І апагеем усіх пераўтварэнняў стала, напэўна, правядзенне ў Браславе абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2019». Гэта быў сапраўдны падарунак і да будучага юбілею горада, і для саміх браслаўчан.■