Настаўніца з Браслава: «Яшчэ ў маленстве ведала, што буду працаваць у школе»

Новости
Калектыў Браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А. М. Жданава трымае высокую планку і ў навучанні, і ў выхаванні. «Жданаўцы» па праве ганарацца паспяховымі навучэнцамі — шматлікімі пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў. Амаль пяць гадоў таму назад да гэтай зладжанай каманды педагогаў далучылася настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Людміла Стальмачонак.

Яшчэ ў маленстве яна ведала, што будзе працаваць у школе, бо нават падчас дзіцячых гульняў уяўляла сябе настаўніцай. Схільнасць да выкладання і ўпэўненасць у вартасці абранай прафесіі спачатку прывялі дзяўчыну ў Аршанскі педагагічны каледж, дзе яна вучылася на настаўніка пачатковых класаў, а потым — у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, па заканчэнні якога стала спецыялістам па беларускай філалогіі і гісторыі. Дзіцячая мара Людмілы споўнілася: сёння яе педагагічны стаж складае больш за 20 гадоў.

Цяпер Л. Стальмачонак раскрывае дзецям сакрэты гісторыі і грамадазнаўства. Трэба адзначыць, вынікова: яе вучні паспяхова здаюць ЦТ і папаўняюць скарбонку ўзнагарод СШ № 1. Асабліва гэта датычыцца прадметных алімпіяд і навукова-даследчай дзейнасці. Напрыклад, у мінулым годзе васьмікласнік Станіслаў Плясун выступаў за 10 клас і прывёз дыплом 1 ступені па гісторыі з абласнога этапа алімпіяды, удзельнічаў у рэспубліканскім, сёлета зноў з апераджэннем праграмы заняў першае месца ў вобласці. Адзінаццацікласніца Арына Арэх таксама парадавала поспехамі — ужо па грамадазнаўстве — на раённым і абласным этапах. Тут, па словах настаўніка, заслуга ў першую чаргу школьнікаў — іх жаданне, інтарэс, настойлівая праца, а ўжо потым яе намаганні.

Важным у сваёй рабоце Л. Стальмачонак лічыць цярпенне, любоў да дзяцей, павагу, зыходзіць з таго, што ў кожным дзіцяці трэба бачыць асобу.

— Поспехі вучняў прыбаўляюць сіл, радуешся за іх і хочаш даць яшчэ больш, імкнешся паспрыяць іх развіццю, вызначэнню ў жыцці, — кажа педагог. — Дапамагае мне ў працы цікавасць да сваіх прадметаў, заўсёды хочацца адкрыць дзецям штосьці новае, данесці тэму больш займальна. Імкненне да адкрыццяў, інтарэс да гісторыі Браслаўшчыны прывялі Людмілу Стальмачонак у краязнаўства — яшчэ падчас працы ў Іказні (тое, што адтуль родам бабуля і дзядуля, маці, сыграла не апошнюю ролю). Сваім захапленнем змагла заахвоціць і вучняў: яны вывучалі мясцовы фальклор, звярталіся да падзей ваеннага часу, цікавіліся архітэктурным абнаўленнем Браслава — іх даследчая дзейнасць атрымала заслужана высокую ацэнку ў раёне і вобласці. Творчы педагог яшчэ і актыўны класны кіраўнік: праз удзел у шматлікіх конкурсах і мерапрыемствах яе выхаванцы летась заваявалі званне «Клас года».

Нават рэдкія вольныя хвіліны Л. Стальмачонак звязаны са школай і запоўнены чытаннем гістарычных кніг (зноў-такі, па праграме), пошукамі цікавых фактаў мінулага. Нягледзячы на вопыт, ёй тым не менш падабаецца вучыцца, падбіраць займальныя прыёмы для работы, знаёміцца са здабыткамі калег.

Настаўніцкая праца, безумоўна, складаецца не толькі з перамог: гэта нялёгкі і адказны працэс, які займае многа часу. І тут вельмі каштоўная падтрымка, якую дае сям’я, дзе клапатлівую жонку і маці разумеюць, падтрымліваюць і ганарацца яе высокімі вынікамі (у прыватнасці, занясеннем на Дошку гонару раённага аддзела адукацыі і граматамі розных узроўняў).

За актыўную жыццёвую пазіцыю, адказнасць і працавітасць цэняць Людмілу Стальмачонак таксама калегі і адміністрацыя школы, таму не дзіўна, што сёлета яна стала лепшай па прафесіі.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.