4 сакавіка ў Беларусі адзначаюць Дзень міліцыі

Новости
Сёння супрацоўнікі органаў унутраных спраў, збіраючыся на службу, апранулі парадную форму. І зусім не выпадкова. У гэты дзень тыя, хто мае адносіны да расследавання злачынстваў, барацьбы з крыміналам, аховы закону і парадку ў краіне, адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Дзякуючы людзям у пагонах на вуліцах нашага горада па-ранейшаму мірна і спакойна. Часта ім даводзіцца працаваць тады, калі ўсе адпачываюць. Аднак раз за разам, заступаючы на чарговае дзяжурства, кожны супрацоўнік Браслаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў дакладна разумее пастаўленую перад ім задачу. Аператыўна-дзяжурная служба, крымінальны вышук, аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, крымінальнавышуковая інспекцыя, група па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і іншыя падраздзяленні — усе служаць адзінай мэце: забеспячэнню грамадскай бяспекі і недатыкальнасці грамадзян. Гэта доўг і абавязак кожнага супрацоўніка праваахоўных органаў. І так важна за літарай строгага закону не загрубець, не страціць сябе, заўсёды заставацца чалавекам.

— У мінулым годзе мы адзначылі 80-гадовы юбілей аддзела, — гаворыць начальнік РАУС Сяргей Бяржанін. — За гэты час, зразумела, змянілася многае, аднак нязменнымі засталіся прынцыпы доблесці, адвагі, аўтарытэту для праваахоўнікаў. Разам з тым цяпер міліцыя імкнецца ўкараняць таксама новыя падыходы ў папярэджванні злачынстваў і правапарушэнняў. Так, большая ўвага ўдзяляецца прафілактычнай рабоце, зносінам з грамадзянамі, выступленням у працоўных калектывах, тлумачэнню заканадаўства. Аднак насельніцтву трэба разумець, што выконваць закон і парадак — гэта абавязак кожнага і пры ўсёй лаяльнасці праваахоўных органаў за здзейсненыя злачынствы, безумоўна, будзе справядлівае пакаранне.

У мінулым годзе па ўсіх асноўных паказчыках удзельнай вагі злачынстваў, па якіх устаноўлены падазроныя асобы, назіраецца дынаміка павышэння якасці раскрыцця. Так, было раскрыта асабліва цяжкае злачынства мінулых гадоў — забойства браслаўчаніна ў 2015-м, папярэджаны канал вывазу жанчын раёна за мяжу з мэтай заняцця прастытуцыяй. Ужо сёлета праваахоўнікі канфіскавалі 80 літраў самагоннай брагі, накіравалі ў ЛПП 5 асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, узбудзілі крымінальную справу ў адносінах да сямейнага дэбашыра і інш.

РАУС можа ганарыцца і сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Наша каманда ў складзе інспектара ДПС Эдуарда Крумплеўскага і ўчастковага інспектара Вадзіма Бразоўскага заняла 5-е каманднае месца ў чэмпіянаце УУС Віцебскага аблвыканкама па рукапашным баі, а ў асабістым заліку Э. Крумплеўскі ў сваёй катэгорыі стаў другім. Таксама наша каманда — міліцыянер-канваір ІЧУ Іван Голубеў і ўчастковы інспектар Расціслаў Мацук — была пятай у спаборніцтвах УУС па лыжных гонках.

Увогуле, сёння раённы аддзел унутраных спраў — гэта зладжаны і надзейны калектыў аднадумцаў, якія, калі спатрэбіцца, зноў будуць рызыкаваць уласным жыццём і здароўем. А ўсё таму, што работа такая, і міліцыянеры выконваюць яе больш чым годна.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.