«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Умацаванне пасля заняпаду (1990-я гады)

Браславскому району — 80 лет
Усесаюзны рэферэндум аб захаванні СССР, Новаагароўскі працэс па стварэнні новай Садружнасці, жнівеньскі путч, адстаўка Гарбачова, а разам з гэтым грашовая рэформа, вар’яцкая інфляцыя, пустыя паліцы ў магазінах, дэфіцыт — такімі былі 90-я гады, якія ўвайшлі ў гісторыю пад яскравым вызначэннем «ліхія».

З1 студзеня 1991 года ў СССР увялі падатак з продажаў у памеры 5 працэнтаў, затым прайшла нечаканая «Паўлаўская» грашовая рэформа, раптам устанавілі новыя цэны, утрая большыя за ранейшыя. Так, да моманту развалу Саюза ўзровень жыцця насельніцтва краіны значна знізіўся. Крызіснае становішча перажываў і спажывецкі рынак. Грамадзянам выдаваліся так званыя «Візітныя карткі спажыўца для набыцця прамысловых тавараў» і талоны — для прадуктаў харчавання. Самым цяжкім для насельніцтва стала абясцэньванне ўласных грашовых зберажэнняў.

Татальны дэфіцыт тавараў, іх водпуск па талонах і размеркавальнай сістэме, пустыя паліцы і велізарныя чэргі ў магазінах, неабмежаваны рост цэн, безумоўна, характэрны ў гэты час і для Браслаўскага раёна. Напрыклад, у пачатку 90-х адзін тэлевізар выпадаў на 38 чалавек, халадзільнік — на 57, пральная машына — на 21, мяккі куток — на 237, секцыя — на 458.

Разам з тым у гэты час з’яўляюцца новыя формы гаспадарання, уласцівыя рыначным адносінам, — арэнда, КІТы (калектывы інтэнсіўнай тэхналогіі), пачалі зараджацца садовыя таварыствы і першыя фермерскія гаспадаркі.

Упершыню ў абарот уваходзіць паняцце «беспрацоўны». Адзначаюцца праблемы ў будаўніцтве: у чарзе на жыллё — сотні сямей. Тым не менш у Браславе распачынаецца будоўля бальніцы, узведзена новая спартыўная зала ДЮСШ, а таксама браслаўчане з мікрараёна шматпавярховай забудовы з нецярпеннем чакаюць адкрыцця новага магазіна па вул. Кастрычніка пад вядомай пазней назвай «Бярэжжа». У першай палове 90-х пачалося і абвальнае падзенне вытворчасці. Паўстала праблема збыту прадукцыі. Вытворчасць сельскай гаспадаркі ўпала амаль на трэць, ішло скарачэнне пагалоўя БРЖ, пагаршалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў.

1994 год, бадай, стаў вызначальным у лёсе Беларусі. Абраны першым Прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка абяцаў кардынальныя змены да лепшага, і паступова эканамічнае становішча пачало выпраўляцца.

Шмат значных падзей на Браслаўшчыне прыпала на 1995 год: індывідуальныя забудоўшчыкі ўзвялі 29 жылых дамоў, адкрываецца ЦРБ і будынак нарсуда, працягваецца будоўля гімназіі, якая пад заслону гэтага ж года справіць наваселле, базы адпачынку для састарэлых. Паступова прыватызуецца жыллёвы фонд. Пачынаецца абсталяванне граніцы, ствараецца пагранічная зона і Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».

Таксама ў гэты перыяд завершаны рукапіс кнігі «Памяць». Упершыню пайшлі размовы пра змяненне клімату. Яшчэ праз пару гадоў у раённым друку ўздымаецца праблема наступлення СНІДу.

Мяркуючы па даных статыстыкі, паслядоўны эканамічны рост у Беларусі пачаўся толькі з 1996 года, калі I Усебеларускім народным сходам былі адобраны Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 1996 — 2000 гады. Да 2000-га ўдалося перасягнуць паказчыкі дакрызіснага 1990 года па аб’ёмах вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, рэальных грашовых даходаў насельніцтва, і правільнасць абранай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны пачала атрымліваць практычнае пацвярджэнне.