Якія складанасці існуюць у гаспадарках раёна з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавой сяўбы

Деньги
На днях, размаўляючы з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча Мікалаем Бараноўскім і інспектарам па наглядзе за тэхнічным абслугоўваннем транспарту і абсталявання ўпраўлення райсельгасхарча Леанідам Зайцам, высветліла, якія складанасці існуюць у гаспадарках раёна з падрыхтоўкай тэхнікі, чаму гэты працэс замаруджваецца і якое выйсце бачыць кіраўніцтва раёна.

— Безумоўна, першай прычынай зацягнутага рамонту з’яўляецца недахоп грашовых сродкаў на набыццё запчастак, вузлоў і агрэгатаў. З улікам гэтага на апошняй нечарговай сесіі райсавета было вырашана выдаткаваць з раённага бюджэту 100 тысяч рублёў і размеркаваць іх паміж сельгаспрадпрыемствамі. Дзялілі грошы, абапіраючыся на агульныя плошчы зямлі гаспадарак і аб’ём тых яравых культур, якія патрэбна засеяць у гэтым сезоне, — кажа М. Бараноўскі. — Кожнай з іх дасталася ад 7 да 11 тыс. рублёў. Пагаджуся, што гэта невялікая сума, але ж пры разумным падыходзе яна дапаможа пачаць яравую сяўбу своечасова. Вырашыць пытанне з лізінгавай тэхнікай таксама пакуль немагчыма. У раёне 34 яе адзінкі застаюцца неаплочанымі, доўг за іх толькі нарастае. Што датычыцца абнаўлення машыннага парку, то сёлета дазволіць гэта сабе змог толькі СВК «Маяк Браслаўскі», які набыў тры трактары.

Як мы ўжо пісалі раней, тры сельгаспрадпрыемствы раёна атрымалі ад сеткі страхавых кампаній спонсарскую дапамогу на ўмацаванне сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы (ААТ «Друйскі» і КУСП «Відзаўскі» — па 25 тысяч рублёў, а КУСП «Браслаўскі» — 80 тысяч). Усе яны ўжо асвоілі грошы, што дапамагло больш-менш падрыхтавацца да пасяўной кампаніі.

Па словах Мікалая Бараноўскага, ёсць у раёне і яшчэ адна праблема, якая, на шчасце, датычыцца толькі адзінкавых гаспадарак і заключаецца ў няправільным падыходзе іх кіраўнікоў да арганізацыі рамонтных работ, а таксама непаразумення з механізатарамі. Каб выправіць сітуацыю, прыходзіцца ўмешвацца ў работу такіх сельгаспрадпрыемстваў.

Леанід Заяц расказаў, што ў раёне на днях пачынаецца тэхагляд транспартных сродкаў і навясных агрэгатаў гаспадарак. Ужо падрыхтаваны акты і разасланы адпаведныя рашэнні ўсім адказным асобам. Пакуль жа інспектар наведвае сельгаспрадпрыемствы, аглядае лінейку гатоўнасці, правярае якасць рамонтных работ, прыспешвае інжынерную службу.

Нядаўна Л. Заяц нанёс падобны візіт у КУСП «Браслаўскі», дзе сустрэўся з яго старшынёй і разабраўся, наколькі гаспадарка падрыхтавалася да новага сезона. На лінейцы гатоўнасці ў «Браслаўскім» стаіць культыватар, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, пасяўны агрэгат «Лемкен», дыскатар і трактары. Яшчэ праз некалькі дзён павінны закончыць рамонт другога культыватара, пасяўнога агрэгата, замяніць шыны на ўжо набытыя новыя.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.