На Браслаўшчыне Адзіны дзень бяспекі завяршылі сумесным мерапрыемствам ратавальнікаў, газавай службы і медыкаў

Безопасность
Фінальным акордам Адзінага дня бяспекі на Браслаўшчыне сталі сумесныя мерапрыемствы ратавальнікаў, газавай службы, медыкаў і работнікаў культуры на святкаванні Масленіцы.

Калі раніцай яшчэ церусіў дождж і дзьмуў вецер, то да пачатку свята непагадзь здалася. Удзел у займальных конкурсах жыхароў раённага цэнтра шчодра ўзнагароджваўся гарачымі блінамі і гарбатай, актыўна працавалі тэматычныя пляцоўкі.

Госці ж свята знаёміліся з асноўнымі патрабаваннямі пажарнай і газавай бяспекі, ацэньвалі свае магчымасці пры аказанні даўрачэбнай медыцынскай дапамогі. Ратавальнікі нагадвалі неабходныя правілы паводзін на зімовым вадаёме, асноўныя прычыны пажараў, пра карысць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама паўтарылі з браслаўчанамі першачарговыя дзеянні пры ўзнікненні пажару, парадак эвакуацыйных мерапрыемстваў, дзеянні пры сігнале «Увага ўсім!». Не было адбою ад жадаючых апрануцца ў баявую вопратку, сфатаграфавацца за рулём пажарнай аўтацыстэрны, патушыць невялікае загаранне пры дапамозе вогнетушыцеля.

Зіму праводзілі, вясну сустрэлі. А даўно вядома: як сустрэнеш, так і правядзеш. Застаецца гасцям свята прымяніць атрыманыя веды і ўменні ў паўсядзённым жыцці на практыцы. І ўсё будзе добра!

Вадзім ЧЭКАН,

інспектар Браслаўскага РАНС.