У «Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”» адбылося пасяджэнне навукова-тэхнічнага савета

Новости
На ім быў зацверджаны новы склад савета, куды ўвайшлі прадстаўнікі Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў, прыродаахоўных інспекцый і Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

Таксама ў ходзе нарады былі падведзены вынікі выканання навукова-даследчых работ за 2019 год, абвешчаны план работы навуковага аддзела ўстановы на 2020-ы. Перад удзельнікамі савета з інфармацыяй па вывучэнні відавога багацця водных беспазваночных на тэрыторыі нацыянальнага парка выступіў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі гідрабіялогіі ДНВА «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» Васіль Вежнавец, даныя па прымяненні метадаў барацьбы з інвазіўным відам баршчэўніка Сасноўскага ў лясным фондзе ўстановы, а таксама вынікі маніторынгу прыродных экасістэм агучылі навуковыя супрацоўнікі нацыянальнага парка Іван Цясюль і Ніна Насонава.

На Браслаўшчыне ажыццяўляецца дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2016 – 2020 гады. У яе рамках распрацоўваецца шэраг навукова-даследчых работ. Так, у 2019 годзе УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі была створана комплексная аўтаматызавана-даведачная сістэма на базе дзеючай геаінфармацыйнай сістэмы Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» з выкарыстаннем інфармацыі з апаратаў касмічнага базіравання і іншых сродкаў. Пра магчымасці гэтай сістэмы распавёў навуковы супрацоўнік арганізацыі-выканаўцы Вячаслаў Сіпач. Адным з важных напрамкаў дзяржаўнай праграмы была распрацоўка мерапрыемстваў па ацэнцы сучаснага стану вадаёмаў і рэалізацыя мер па зніжэнні ўзроўню іх дэградацыі. Па дадзенай тэме заслухалі загадчыка навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства БДУ, доктара геаграфічных навук, прафесара Барыса Уласава.

Адно з найважнейшых пытанняў агучыў галоўны ляснічы нацыянальнага парка Сяргей Пашковіч: ён расказаў пра неабходнасць расчысткі драўнінна-хмызняковай расліннасці на агляднай кропцы «Гара Маяк» у мэтах аднаўлення гістарычнага аблічча прыродных ландшафтаў і стварэння ўмоў для развіцця турызму.

З прапановамі і заўвагамі па выніках праведзеных навуковадаследчых работ выступілі іншыя ўдзельнікі навукова-тэхнічнага савета: намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч, генеральны дырэктар ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» Міхаіл Чычко, старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, загадчык сектара запаведнай справы ДНВА «Навуковапрактычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» Уладзімір Усцін.

Асноўным вынікам пасяджэння стаў праект пастановы навукова-тэхнічнага савета, распрацаваны згодна з агучанымі актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры», а таксама прапанаванымі аптымальнымі рашэннямі для ўдасканалення аховы прыродных комплексаў, захавання біяразнастайнасці і развіцця турызму ў рэгіёне.

Валерый МІЦЮН,

начальнік навуковага аддзела ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”».