У Браслаўскім раёне з пачатку бягучага года выяўлены ўжо 2 выпадкі безуліковага спажывання электраэнергіі

Экономика и финансы
Сёння літаральна ўсё наша жыццё залежыць ад электрычнасці. Асвятленне, бытавая тэхніка, камп’ютары, тэлефоны, тэлевізары, электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне — усе прыборы спажываюць электрычную энергію.

Як вядома, за любое задавальненне даводзіцца плаціць. Аднак не ўсе спажыўцы электраэнергіі так лічаць. З пачатку бягучага года выяўлены ўжо 2 выпадкі безуліковага яе спажывання на агульную суму 1 730 рублёў.

Персанал Браслаўскага РВЗУ філіяла Энергазбыта праводзіць сістэмную работу па выяўленні фактаў безуліковага спажывання электрычнай энергіі. Арганізуюцца рэйды, у тым ліку ў выхадныя дні і ў па-за рабочы час, здзяйсняюцца начныя замеры нагрузак на ўводах у будынкі, устанаўліваюцца кантрольныя ўлікі электраэнергіі, заменена каля 8 000 індукцыйных электралічыльнікаў на электронныя з PLC- ці радыёінтэрфейсамі, састаўляюцца балансы электрычнай энергіі па шматкватэрных жылых дамах і кварталах індывідуальнай жылой забудовы. Падчас рэканструкцыі электрасетак у 2019 годзе вынесена за межы домаўладанняў амаль 600 улікаў.

Між іншым хачу нагадаць, што згодна з арт. 20.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за самавольнае падключэнне прыёмнікаў электрычнай ці цеплавой энергіі, ці за безуліковае спажыванне такой энергіі, ці пашкоджанне разліковых прыбораў уліку расходу такой энергіі, ці парушэнне схемаў іх падключэння, ці самавольны забор сеткавай вады з сістэм цеплазабеспячэння, як і незахаванне іншых правіл карыстання электрычнай ці цеплавой энергіяй, цягнуць за сабой накладанне штрафу ў пяціразовым памеры сумы прынесенага ўрону, не лічачы самой сумы ўрону.

Барацьба з крадзяжом электраэнергіі — наша агульная справа. Выяўляючы і папярэджваючы несанкцыянаваныя падключэнні электрапрыёмнікаў, мы скарачаем верагоднасць узнікнення аварыйных сітуацый у электрасетцы, а таксама можам зберагчы здароўе і нават жыццё парушальніка і членаў яго сям’і.

Яўген ШЧАБЛІНСКІ,

інспектар Браслаўскага РВЗУ.