У Браславе ўшанавалі лаўрэатаў ганаровых званняў «Чалавек года Браслаўшчыны» і «Лепшы па прафесіі»

Актуальное
У Браславе прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню лаўрэатаў ганаровых званняў «Чалавек года Браслаўшчыны» і «Лепшы па прафесіі», а таксама пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання за 2019 год. Чырвонай ніткай праз яго прайшла тэма 80-годдзя Браслаўскага раёна, якое мы адзначаем сёлета.

Як і заўсёды, цырымоніі ўзнагароджвання папярэднічаў шэраг выстаў і прэзентацый. Яны адлюстроўвалі і мінулае Браслаўшчыны, і яе сучаснасць.

А вось чаго даўно не было, дык гэта ярка выражанай нацыянальнай стылістыкі. Справа ў тым, што афармленне святочнага мерапрыемства недвухсэнсоўна скіроўвала нас да вытокаў, а тэкст вядучых і выступленні са сцэны гучалі выключна па-беларуску.

Выступаючы перад поўнай залай, старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін чарговы раз падвёў вынікі мінулага года, зрабіў акцэнт на дасягненнях Браслаўшчыны і яе жыхароў.

Кіраўнік раёна адзначыў, што летась выраблена прамысловай прадукцыі і прыцягнута інвестыцый больш, чым у 2018 годзе. Забяспечаны рост прадукцыйнасці працы, аптымізаваны выдаткі на вытворчасць прадукцыі, а ўсе галіны эканомікі працуюць з чыстым прыбыткам і станоўчай рэнтабельнасцю. Павялічылася колькасць суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, а таксама самазанятых. Адкрыліся 23 новыя аграэкасядзібы, пачалі работу 10 прадпрыемстваў. Рэгіён шырока выкарыстоўвае магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва і добрасуседскія партнёрскія сувязі. Працягвае развівацца Браслаўшчына і як турыстычны край.

«Так, многае зроблена ў рамках падрыхтоўкі нашага горада і раёна да святкавання абласных «Дажынак». Аднак мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў не скончыліся пасля фестывалю. Мы працягваем шчыра працаваць на сваёй зямлі і даваць годны вынік», — падкрэсліў А. Баданін.

Старшыня райвыканкама таксама адзначыў асаблівую ролю віноўнікаў урачыстасці ў агульнай справе. «Ініцыятыўныя і захопленыя людзі, адданыя працы, — гэта, безумоўна, самы вялікі гонар Браслаўшчыны», — рэзюмаваў ён.

Аляксандр Баданін шчыра падзякаваў лаўрэатам з розных сфер дзейнасці за вернасць сваёй справе і павіншаваў іх з заслужаным прызнаннем.

Да віншаванняў далучыліся Уладзімір Мацвееў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і Сінція Паўра, кіраўнік Латвійскага консульства ў Віцебску, якія таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстасці.

Галоўнымі ж героямі цырымоніі сталі раённыя лаўрэаты. Па выніках 2019 года шасцёра браслаўчан у святочнай абстаноўцы былі адзначаны ганаровым званнем «Чалавек года Браслаўшчыны». Яшчэ дванаццаць нашых землякоў атрымалі ганаровае званне «Лепшы па прафесіі» ў розных намінацыях. Уручаючы ўзнагароды, старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін асабіста выказаў падзяку лаўрэатам за працу і пажадаў ім далейшай плённай дзейнасці на карысць нашага раёна.

Пераможцы спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання таксама падняліся на сцэну. У намінацыі «Лепшы сельскі Савет дэпутатаў» па выніках дзейнасці за мінулы год пераможцам стаў Ахрэмавецкі сельсавет (старшыня Дзіяна Тарун). Таксама ўзнагароды атрымалі лепшыя старэйшыны населеных пунктаў.

Працягнулася мерапрыемства відовішчнай канцэртнай праграмай, па традыцыі падрыхтаванай установамі культуры і адукацыі раёна.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.