Сямейны бізнес. Гісторыя гаспадароў аграсядзібы «Муражжа»

Власть и общество
Такое жыццёвае крэда ў гаспадароў аграсядзібы «Муражжа» Віктара і Вольгі Рынкевічаў. У аграэкатурызм яны прыйшлі не адразу, але ўпэўнена занялі ў гэтай справе сваю нішу.
ПАДМУРАК АГРАТУРЫЗМУ

Муж з жонкай узгадваюць, што падмурак свайго турыстычнага бізнесу заклалі ў 2010 годзе, калі над гаражом з блокаў на ўсялякі выпадак надбудавалі пакой. Праз два гады, калі зарэгістравалі аграсядзібу ў Слабодкаўскім сельсавеце, яны прынялі сваіх першых турыстаў.

Але ў той час і ўявіць сабе не маглі, што невялікі драўляны дом, узведзены ў Муражах з дапамогай сваіх бацькоў, з цягам часу будзе абрастаць рознага кшталту прыбудовамі і надбудовамі, перарасце ў камфартабельную аграсядзібу на дзевяць нумароў і стане іх адзіным сродкам існавання. Дарэчы, муж з жонкай вельмі ўдзячны сваім бацькам за тое, што менавіта з іх дапамогай быў закладзены першы камень у падмурак дома, які потым вырас у сапраўдны маёнтак.

Гаспадары сямейнай сядзібы — педагогі: разам вучыліся на фізіка-матэматычным факультэце ў Віцебску, на пятым курсе пажаніліся і па размеркаванні ў 1994 годзе прыехалі на радзіму мужа. Па словах пары, яны не трапілі на грэбень хвалі ў адукацыйнай ніве. Віктар праз год звольніўся з адукацыі, бо вакантным было толькі месца ў Спрындаўскай школе на няпоўную стаўку. А Вользе давялося папрацаваць даволі працяглы перыяд часу ў школах, якія ўрэшце закрыліся.

Віктара, як спецыяліста фізмата з веданнем інфарматыкі, запрасілі ў мытню, дзе за 7 год працы ён дарос па службовай лесвіцы да начальніка аддзела тэхнічных сродкаў мытнага кантролю. Але ў сувязі з рэарганізацыяй прыйшлося звольніцца спачатку з гэтай арганізацыі, а пазней і з банка. Набытыя ж практычныя навыкі абыходжання з камп’ютарнай тэхнікай энергічны галава сямейства вырашыў выкарыстаць у іншым напрамку — стаў індывідуальным прадпрымальнікам і пачаў аказваць камп’ютарныя паслугі, прадаваць дыскі.

СЯДЗІБА НЕ ПУСТУЕ БЕЗ ГАСЦЕЙ

Летам 2014 года быў ужо масавы наплыў турыстаў на адпачынак. А ў канцы года гаспадары газіфікавалі аграсядзібу, што дало магчымасць прымаць гасцей у любую пару.

— Безумоўна, — кажа Вольга, — каля 85 % выручкі прыносіць лета, але і астатніх 15 % хапае ў міжсезонне, каб не закрывацца.

— Пяць гадоў таму назад мы ўвялі дом у эксплуатацыю як адзіны будынак, — працягвае размову Віктар, — дзе цяпер з камфортам могуць адначасова размясціцца больш за 30 чалавек. Але канца будоўлі не прадбачу, асабліва калі ў нас не заканчваюцца ідэі. Планы павінны быць заўжды большымі, чым можаш рэалізаваць у дадзены момант. Памыляюцца тыя гаспадары сядзіб, якія не імкнуцца своечасова абнаўляць інтэр’ер. Перастанеш думаць пра новае, спачываючы на лаўрах, — і распадзецца твая справа. У нас няма права на памылку, таму што дом нас корміць: дае сродкі, каб жыць самім, абслугоўваць вялікі будынак, тэрыторыю вакол яго і крыху развівацца.

Даглядаюць сядзібу выключна самі гаспадары, без наёмных работнікаў. Віктар — і архітэктар, і дызайнер, і будаўнік, і дворнік, і прыбіральшчык, Вольга — бухгалтар, повар, швачка. Рулонамі, напрыклад, купляе тканіну і сама шые пасцельную бялізну, пакрывалы, фіранкі. Пры гэтым уладальнікі сямейнага бізнесу заўжды прыслухоўваюцца да меркаванняў адзін аднаго і жывуць у гармоніі, якая кідаецца ў вочы з першага позірку.

Муж з жонкай кажуць прама, што ў летні сезон на іх плячах вялікая нагрузка. Бывае, да 12 гадзін ночы трэба ўдзяляць гасцям увагу, а ўжо ў 4 раніцы прымаць новых. Гаспадары «Муражжа» не запрашаюць шумныя кампаніі — арыентуюцца больш на людзей сямейных.

— Таму што мы з мужам толькі ўдваіх, — тлумачыць Вольга, — так нам прасцей прымаць менавіта такіх прыезджых і падтрымліваць належны парадак. Сямейныя пары самадысцыплінаваныя, яны загадзя ведаюць, які адпачынак выбіраюць.

Дзякуючы творчаму падыходу да арганізацыі сямейнага бізнесу ў галіне турызму аграсядзіба «Муражжа» вядомая далёка за межамі раёна і рэспублікі і карыстаецца попытам. На ёй адпачывалі турысты з 25 краін свету, у тым ліку з такіх далёкіх, як Японія, Аўстралія, ЗША, Кітай, таксама з многіх еўрапейскіх дзяржаў і, вядома ж, Расіі, з Камчаткі нават. Прычым прыбываюць да Рынкевічаў на адпачынак з вясковым каларытам людзі рознага ўзросту. Самыя пажылыя — за 80 гадоў — напрыклад, прыязджалі на дзвюх машынах з Санкт-Пецярбурга. І Віктар з Вольгай вельмі стараюцца, каб усім, хто завітаў на іх сядзібу, было ўтульна, камфортна і цікава.

Казімір ПЯТУШКА.