Найбольшыя цяжкасці — з рамонтам магутных трактароў. Як рыхтуюцца да пасяўной у «Мяжанах»

Экономика и финансы
Фота: Каб паскорыць працэс рамонту і прыступіць да палявых работ, механізатары ААТ «Мяжаны» Пётр Станкевіч і Іван Крычалаў ужо разам даводзяць «да розуму» сеялку.
У гэтыя дні ў гаспадарках раёна на палеткі вывозяць арганічныя ўгнаенні, аруць і рыхтуюць глебу пад вясеннюю сяўбу. Ідуць гэтыя працэсы і ў ААТ «Мяжаны».

Як расказалі ў сельгаспрадпрыемстве, гаспадарка не без цяжкасцей, але, можна лічыць, падрыхтавалася да новага сезона. Сёння да работы гатовы плугі, культыватары і дыскатары. Заканчваецца рамонт сеялкі, якая вось-вось прымецца за справу.

Найбольшыя цяжкасці адчуваюцца ў рамонце энерганасычаных трактароў, а менавіта яны стратэгічна важныя ў рабоце. Многія з іх ужо выпрацавалі свой рэсурс і патрабуюць капітальнага рамонту. Для рэанімацыі двух такіх машын патрэбны немалыя грошы, якіх пакуль сельгасарганізацыя выдаткаваць не мае магчымасці. Тым не менш «Мяжаны» аднымі з першых пачалі араць глебу вясной, бо менавіта ў гэтай гаспадарцы застаўся самы вялікі клін з восені. Справа ў тым, што тэхніка не вытрымлівала нагрузкі і ў канцы мінулага сезона ўсе сілы былі кінуты на сяўбу азімых.

Восенню ў «Мяжанах» засеялі 880 га. Сёлета ж запланавана пакласці зерне ў глебу яшчэ на плошчы 1 100 га, 300 га зойме рапс, 350 — кукуруза, астатняе засеюць яравымі збожжавымі культурамі. Таксама клін у 780 га пачалі падсяваць шматгадовымі травамі.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.