Механізатар з «Агравідзаў»: «Добра падрыхтуюся — добра зараблю»

Люди Экономика и финансы
Работы па рамонце і пастаноўцы тэхнікі на лінейку гатоўнасці ў раёне працягваюцца. Цяпер гаспадаркі рыхтуюцца праходзіць тэхагляды ўсіх транспартных сродкаў і агрэгатаў.

У майстэрнях ААТ «АГРАВІДЗЫ» работа кіпіць. Механізатары даводзяць тэхніку «да розуму».

Леанід Арсоба ў гэтыя дні рамантуе дыскатар АД-600. Чакае ён толькі, пакуль гаспадарка набудзе некалькі падшыпнікаў, астатнія запчасткі работнік стараецца зрабіць сваімі рукамі, каб было не так стратна. Леанід расказаў, што, як і іншыя механізатары, лічыць дні да пачатку новага сезона, калі, безумоўна, прыйдзецца папрацаваць, але менавіта ў гэты час ёсць шанс нядрэнна зарабіць.

А работы Леанід Арсоба не баіцца. Вясной ён рыхтуе глебу да сяўбы, а ў час корманарыхтоўкі, якая, дарэчы, у «АГРАВІДЗАХ» ідзе ад першай касавіцы і да белых мух без перапынку, ён на сваім энерганасычаным МТЗ3022 трамбуе сянаж у траншэях. Праца гэта складаная і адказная, даводзіцца выходзіць нават у начную змену. Але ён не наракае на работу, выконвае яе хутка і бездакорна, імкнецца зарабіць лішні рубель. Кажа, дома дачка-васьмікласніца, хочацца, каб у яе ўсё было. Увогуле ў Л. Арсобы дзве дачкі, старэйшая скончыла ўніверсітэт і ўжо працуе ў Браславе. Бацька ганарыцца ёю. Марыць дапамагчы і малодшай атрымаць добрую адукацыю.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.