«Маяк Браслаўскі» — адзін з лепшых вытворцаў свініны ў Беларусі

Экономика и финансы
Менавіта на гэтых пастулатах трымаецца вытворчасць свініны ў СВК «Маяк Браслаўскі». Сапраўды, добрага выніку можна дабіцца толькі пры строгім выкананні ўсіх тэхналагічных норм на кожным этапе вырошчвання прадукцыі, пры пастаянным кантролі і абавязковым руху наперад разам з сучаснымі новаўвядзеннямі — так лічыць і будуе работу свінакомплексу яго начальнік Людміла Арцем’ева. Напэўна, дзякуючы менавіта гэтаму цвёрдаму меркаванню кіраўніка прадпрыемства займае перадавыя пазіцыі не толькі ў вобласці, а і няблага выглядае на фоне аналагічных рэспубліканскіх.

Так, напрыклад, са 118 свінагадоўчых комплексаў краіны, дзе сярэднясутачныя прывагі гадаванцаў перавышаюць 600 грамаў, свінаводы СВК «Маяк Браслаўскі» займаюць 22 месца. Сярод жа абласных прадпрыемстваў такога тыпу — трэцяе. Як сведчаць статыстычныя даныя, у мінулым годзе на комплексе прырост жывой масы на сярэднюю галаву жывёлы дасягнуў 202 кг пры сутачнай прывазе 664 грамы і расходзе кармоў на цэнтнер прывагі 3,37 ц к. адз.

За кошт прываг на адкорме і дарошчванні, прадуктыўнасці пагалоўя і скарачэння паморку ў 2019 годзе па комплексе на 232,1 тоны павялічылася валавая прывага і склала 4 553,9 тоны. На тое, што мясцовыя свінаводы адны з лепшых у вобласці, указваюць і іх рэгулярныя перамогі ў прафсаюзным спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Амаль кожны месяц яны займаюць прызавыя месцы, нярэдка бываюць лідарамі па паказчыках прываг.

Па словах Людмілы Арцем’евай, такія паказчыкі — вынік карпатлівай і адладжанай працы вопытнага калектыву. Усё гэта дасягаецца дзякуючы пастаяннаму ўдасканальванню працэсу вырошчвання свіней. Напрыклад, некалькі гадоў таму назад тут увялі паняцце біялагічнага адпачынку памяшканняў. Гэта азначае, што пасля здачы на забой адной групы свіней з корпуса ён некалькі дзён мыецца, прыбіраецца, дэзынфіцыруецца, двойчы беліцца і «адпачывае». Толькі пасля гэтых маніпуляцый у цэх запускаецца новая група гадаванцаў.

У мінулым годзе таксама пачалі праводзіць дэзынфекцыю вадаправоднай сеткі спецыяльным растворам. Для гэтага ў цэхах паставілі дарагое абсталяванне — дозатроны. Двойчы за год тут правялі дэзынфекцыю і ўжо, як кажуць, пажынаюць плады новаўвядзення: значна павялічылася захаванасць пагалоўя, палепшылася яго здароўе.

Л. Арцем’ева знаходзіцца ў пастаянным пошуку паляпшэння праграмы кармлення свіней без яго падаражання. Разам са спецыялістамі ў гэтай сферы яна складае найбольш удалую рэцэптуру для кожнага ўзросту гадаванцаў. Галоўны прынцып — сытна, карысна і вітамінізавана. У пазамінулым годзе аграрыі «Маяка Браслаўскага» змаглі вырасціць і сабраць ураджай кукурузы на зерне, дзякуючы чаму рэцэпт «страў» на комплексе змяніўся і нават дазволіў крыху сэканоміць. Рабіць гэта атрымліваецца яшчэ і за кошт таго, што ў свінакомплекса ёсць свой камбікормавы завод, дзе здрабняюць, змешваюць у патрэбных прапорцыях сухія інгрэдыенты, адным словам, гатуюць спецкамбікормы для кармлення свіней.

Нямала часу ўдзяляюць спецыялісты здароўю свінаматак. Пра важную і адначасова простую сістэму выпрацоўкі імунітэту ў рамонтных свінак Людміла Антонаўна даведалася ў Даніі падчас навучальных трэнінгаў. Яе сутнасць у тым, што свінаматкі павінны выпрацаваць наймацнейшы імунітэт і прыйсці да апаросу моцнымі ды здаровымі. Так, ва ўзросце 110 дзён рамонтных свінак пераводзяць у спецыяльнае памяшканне, дзе ўтрымліваюцца старыя і хворыя асобіны. На працягу 112 дзён «будучыя маці» атрымліваюць спецыяльныя вакцыны або заражаюцца інфекцыямі натуральным шляхам. Такім чынам агульны паморак зменшыўся на 48 галоў, і калі ў 2018 годзе пала 16 свінаматак, то ў 2019 — толькі 8. Называецца ўвесь гэты працэс адаптацыяй рэмсвінак, або выпрацоўкай штучнага і натуральнага імунітэту.

Пасля яго парасяты нараджаюцца здаровымі і больш устойлівымі да разнастайных хвароб. Пасля такіх бясспрэчных довадаў становіцца зразумела, што вырошчванне свіней — справа складаная і патрабуе шмат затрат, як фінансавых, так і фізічных. Таму на прадпрыемстве працуюць толькі правераныя часам людзі, якія не падвядуць і выканаюць сваю работу выдатна, бо правал на адным з этапаў вырошчвання цягне за сабой вялізныя страты.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.