«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Сельскія і гарадскія пераўтварэнні (2000-я гады)

Актуальное Браславскому району — 80 лет
Пэўна, галоўнай падзеяй першага дзесяцігоддзя двухтысячных можна назваць завяршэнне будаўніцтва магістральнага газаправода да Браслава, а з ім — і пачатак газіфікацыі прыродным палівам горада і раёна.

Варта ўспомніць таксама і дзве важныя юбілейныя даты гэтых гадоў.

У 2006 г. медперсанал цэнтральнай раённай бальніцы адзначаў векавы юбілей. У памяць пра нашага слаўнага земляка Нарбута, які адкрыў першую стацыянарную лячэбную ўстанову ў горадзе, на тэрыторыі цяперашняй ЦРБ быў усталяваны яго бюст.

А праз два гады 50-годдзе святкавала ПМК-42. Заснаваная як міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, яна мела даволі трывалую базу і была галоўным падрадчыкам усіх узводзімых аб’ектаў не толькі на сяле, а і ў горадзе.

На перыяд першага дзесяцігоддзя якраз і прыпадае найбольшая нагрузка на сельскіх будаўнікоў. Па дзвюх пяцігадовых праграмах адраджэння сяла вядзецца масавае будаўніцтва жылля і добраўпарадкаванне мехдвароў, ферм, аб’ектаў сацыяльна-бытавой і культурнай сфер цэнтральных сядзіб калгасаў і саўгасаў. Буйныя вёскі набываюць статус аграгарадкоў.

У гэты час у раёне практычна заканчваецца і ўзбуйненне сельгасарганізацый. З 22 у 2000-м да 2009-га іх засталося 15. А самай балючай праблемай для раслінаводчай галіны стала бязмернае павелічэнне пагалоўя дзікоў, якія падчыстую вынішчалі пасеяную і спелую кукурузу, пшаніцу. Насельніцтва пачало адмаўляцца ад пасадкі бульбы.

Жыхары Браслава даволі працяглы час чакалі сучаснага будынка аўтавакзала. І вось у 2009 годзе на пляцоўцы, дзе калісьці стаяла старэнькая аўтастанцыя, закіпела работа.

Пасля працяглага зацішша ў горадзе пачалася новая хваля будаўніцтва кааператыўнага жылля, у рамках якога былі ўзведзены два дамы ў новым мікрараёне па вуліцы Кастрычніка.

У другой палове дзесяцігодкі праведзена капітальная рэканструкцыя «Белрыбы» і малаказавода, які атрымаў статус цэха па вытворчасці цвёрдых сыроў.

Значнай падзеяй для гараджан стала і добраўпарадкаванне ў 2008 годзе берага возера Дрывяты. На ім намылі пясчаны пляж і зрабілі спецыяльныя нерасцілішчы.

Важнай падзеяй для моладзі стала стварэнне ў 2002 годзе грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», якое і сёння стварае ўмовы для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзейнічае развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай супольнасці, заснаванай на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях беларускага народа.