«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Перабудова і дэфіцыт (1980-я гады)

Актуальное Браславскому району — 80 лет
Васьмідзясятыя як у жыцці краіны ў цэлым, так і нашага раёна без перабольшвання можна назваць дзесяцігоддзем надзей і расчараванняў. Да ўлады прыходзіць Міхаіл Гарбачоў, які аб’яўляе перабудову, а разам з ёй і так званы сухі закон.

На прылаўках харчовых і прамысловых магазінаў — пустэча, а ў людзей накопліваюцца грошы, якія нельга патраціць з-за дэфіцыту. Большасць тавараў можна набыць толькі па талонах. Адзенне, абутак, бытавую тэхніку размяркоўваюць па арганізацыях спецыяльна створаныя камісіі. Аднак, нягледзячы на тое, што першую палову 80-х называлі канцом застою, менавіта ў гэты перыяд актыўна вядзецца будаўніцтва. Напрыклад, ПМК-44 (цяпер ПМС) здае ў эксплуатацыю два шматкватэрныя жылыя дамы і поўнасцю ліквідуе чаргу на атрыманне кватэр. У горадзе з’яўляецца першы кааператыўны дом: у ім атрымліваюць жыллё працаўнікі райспажыўсаюза. ПМК-42 узводзіць два інтэрнаты для сваіх працаўнікоў, але гэтага аказваецца мала, таму пачынаецца будаўніцтва яшчэ 27-кватэрнага дома. Сельгастэхніка будуе станцыі тэхнічнага абслугоўвання, а ў калгасе «Маяк» заканчваецца ўзвядзенне свінакомплексу.

У верасні 1981 года ў новым будынку рэдакцыі і друкарні выходзіць у свет 5-тысячны нумар «Браслаўскай звязды».

У 80-х на Браслаўшчыне назіраецца рэзкі ўзрост нараджальнасці. Таму ў гэты час з’яўляецца вялікая колькасць дзіцячых садкоў, школ, асабліва ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, прымае маленькіх выхаванцаў садок у калгасе імя Кірава, а ў Дзень ведаў для іказненскіх школьнікаў адчыняе дзверы сучасная двухпавярховая школа.

На палетках сельгасгаспадарак працягваецца меліярацыя. За кошт яе пашыраюцца і паляпшаюцца пасяўныя плошчы ў саўгасах «Друйскі» і «Камуніст». У калгасах імя Мічурына і «Партызан» здаюцца два новыя ўчасткі для здабычы торфу.

У другой палове гэтага дзесяцігоддзя на змену звеннявой сістэме вырошчвання сельгаскультур прыходзяць калектывы інтэнсіўнай працы, у жывёлагадоўлі ўкараняюцца брыгадныя і сямейныя падрады. Пачынаецца працэс узбуйнення калгасаў.