Браслаўчане сталі больш шчаслівымі

Власть и общество
У штогадовым сусветным рэйтынгу World Happiness Report 2020 (ёсць і такі) Беларусь заняла 75-е месца. У параўнанні з мінулым года краіна паднялася адразу на 6 пунктаў.

Самай шчаслівай краінай свету трэці год запар стала Фінляндыя. Эксперты адзначаюць у ёй бяспечнае навакольнае асяроддзе, высокі ўзровень сацыяльнага развіцця і давер насельніцтва ўладам. У топ-5 рэйтынгу таксама Данія, Швейцарыя, Ісландыя і Нарвегія.

Многія суседкі Беларусі ў пераліку самых шчаслівых краін займаюць больш высокія пазіцыі. Літва, напрыклад, на 41-м месцы, Польшча — 43-я, Расія — 73-я. Украіна тым часам у другой сотні — 123-я.

Даследаванне публікуецца пад эгідай ААН на падставе аналізу шэрагу накірункаў: даходы насельніцтва, працягласць жыцця, карупцыя, сацыяльная падтрымка, свабода выбару і іншыя паказчыкі.

На гэтым фоне мы запыталіся ў браслаўчан, ці шчаслівыя яны. З больш чым 200 рэспандэнтаў амаль 41 % упэўнена адказалі, што так. Хутчэй шчаслівымі сябе назвалі 38 % апытаных, хутчэй нешчаслівымі — 16 %. Пяць працэнтаў удзельнікаў апытання на пастаўленае пытанне адказалі адмоўна. Атрымліваецца, што больш ці менш шчаслівымі сябе лічаць 79 % апытаных браслаўчан.

Дарэчы, год таму назад нешчаслівымі сябе лічылі 11 % апытаных браслаўчан, тады як звыш 70 % — наадварот.■

 

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.