Браслаўскія міліцыянеры адзначылі прафесійнае свята

Власть и общество
Здымак: Галіна Цыўнель атрымала Падзячны ліст ад Віцебскага УУС за добрае выхаванне дачкі Аксаны — маладой супрацоўніцы РАУС.
З нагоды прафесійнага свята — Дня міліцыі — у Браслаўскім раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшла ўрачыстасць. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, начальнік РАНС Сяргей Крыўко, намеснік начальніка пагранкамендатуры «Опса» Юрый Новікаў і першы сакратар РК БРСМ Ірына Мурашка. Відэавіншаванне даслаў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Міхаіл Грыб.

Са святам сваіх калег павіншаваў і Сяргей Бяржанін, начальнік Браслаўскага РАУС. Ён пажадаў міліцыянерам спакойнай службы і моцнага тылу, падзякаваў за станоўчыя вынікі і адзначыў лепшых.

А. Баданін зазначыў, што на плечы супрацоўнікаў міліцыі сёння ўскладзены сур’ёзныя задачы, якія патрабуюць жорсткай дысцыпліны і адказнасці. Ім даверана самае галоўнае — ахоўваць жыццё і спакой грамадзян. Звярнуўся старшыня райвыканкама і да ветэранаў службы, пажадаў ім здароўя, дабрабыту і міру.

З віншавальнымі словамі ў гэты дзень выступілі ўсе запрошаныя госці, яны дзякавалі за супрацоўніцтва, падкрэслівалі, што паміж службовымі асобамі розных сілавых структур склаліся добрыя адносіны, якія дапамагаюць у вырашэнні пастаўленых задач. На ўрачыстым сходзе з нагоды свята больш за 30 супрацоўнікаў РАУС былі адзначаны ўзнагародамі.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.