Зіма, якой не было

Новости
Заўтра — апошні дзень зімы. Каляндарнай. Зіма кліматычная ў Беларусі, а разам з ёй і на Браслаўшчыне, так і не настала.

Па даных беларускіх сіноптыкаў, халодны сезон 2019 – 2020 гг. у нашай краіне адзін з самых цёплых і першы, калі зімы не было ўвогуле. Справа ў тым, што яе пачаткам лічыцца ўстойлівы пераход сярэднясутачных тэмператур праз «нуль» у бок паніжэння, што ў нашых шыротах назіраецца недзе ў канцы лістапада. Цяпер жа гэтага не адбылося: усе тры зімовыя месяцы мелі станоўчыя тэмпературныя паказчыкі.

Мяккая і вільготная сёлетняя зіма стала ў Беларусі рэкордна цёплай і бясснежнай. Устойлівае белае покрыва не ўтварылася, а вадаёмы не пакрыліся лёдам. Прычыну сіноптыкі бачаць у анамальным размеркаванні паветраных мас: халоднае арктычнае паветра да нас не паступала, а яго месца заняло адносна цёплае з паўночных раёнаў Атлантыкі. Гэтым тлумачыцца і ветранае надвор’е: колькасць зімовых дзён з моцным парывістым ветрам у Беларусі сёлета значна перавышае сярэднія шматгадовыя значэнні.

Тым часам анамальна цёплае зімовае надвор’е ўплывае на розныя сферы нашага жыцця. Рост колькасці прастудных захворванняў і частая змена атмасфернага ціску, высокая выжывальнасць шкоднікаў сельскагаспадарчых культур, пагроза гібелі пасеваў у выніку рэзкага пахаладання — «мінусы» сітуацыі. Разам з тым скарачаюцца затраты на расчыстку снегу, антылёдавую апрацоўку дарог, ацяпленне. Праўда, апошняе тычыцца хутчэй спажыўцоў: камунальныя прадпрыемствы пры неабходнасці эксплуатацыі кацельнага абсталявання выпрацоўваюць і прадаюць значна менш цяпла.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фото: Михаил Ставицкий.