У Відзах будзе рэалізаваны праект па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва

Видзы — здоровый городской поселок
Прафілактычны праект «Здаровыя гарады і пасёлкі» па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва нашай краіны з мэтай захавання і ўмацавання здароўя нацыі пачаў дзейнічаць у рэспубліцы. Далучыўся да яго і наш раён.

Як патлумачыла галоўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова, праграма, да рэалізацыі якой ужо прыступілі, ахоплівае амаль усе сферы жыцця, бо пад здароўем разумеецца не проста адсутнасць хвароб, а стан усебаковага фізічнага і сацыяльнага дабрабыту насельніцтва, магчымасць поўнага раскрыцця чалавечага патэнцыялу. Сёння ўжо распрацаваны план на 2020 — 2024 гг., з дапамогай якога будзе рэалізаваны праект «Відзы — здаровы гарадскі пасёлак».

У цэнты ўвагі, безумоўна, фізічнае здароўе людзей. На працягу дзеяння праграмы запланаваны рэгулярныя медыцынскія агляды відзаўчан. Для найбольш дакладнай і своечасовай дыягностыкі захворванняў плануецца прыцягваць лепшых спецыялістаў ЦРБ і сучасную медтэхніку.

Будзе праводзіцца пастаянны кантроль за якасцю вады ў населеным пункце, умоў працы ў ААТ «Агравідзы» і іншых арганізацыях.

Асаблівая ўвага ў праекце нададзена ўстановам адукацыі. У мясцовым дзіцячым садзе і школе правядуць рамонт дахаў, санвузлоў і некаторых іншых памяшканняў. Рэалізуюць мерапрыемствы па паляпшэнні якасці харчавання навучэнцаў з улікам прынцыпаў дзіцячай дыетыкі. Плануецца абсталяваць некалькі комплексных спартыўных пляцовак, дзе як дзеці, так і дарослыя змогуць займацца фізічнымі практыкаваннямі, тым самым аздараўлівацца і падтрымліваць добрую форму.

Таксама пры рэалізацыі праграмы будуць арганізаваны шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, любові да спорту, адмовы ад шкодных звычак.

Вольга ПАТАПОВІЧ.