Кулямётчык пагранзаставы «Урбаны» падзяліўся ўражаннямі ад службы на Браслаўшчыне

Новости
Цяпер 23 лютага ў большасці з нас асацыіруецца са святам усіх мужчын — ад малога да старога. Аднак сама фармулёўка Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адсылае нас да сутнасці ўрачыстасці і нагадвае пра тых, хто ў прамым сэнсе ахоўваў і абараняў сваю краіну, робіць гэта cёння і лічыць такую дзейнасць жыццёвым прызваннем.

Нядзіўна, што многія з учарашніх падлеткаў сваю першую школу мужнасці — службу ў арміі — праходзяць на заставах прыгранічнай Браслаўшчыны. Сярод такіх дваццацігадовы юнак са Жлобіншчыны, інспектар 3-й катэгорыі, кулямётчык пагранзаставы «Урбаны» Дзмітрый Савянок.

У грамадзянскім жыцці хлопец паспеў скончыць каледж і атрымаць спецыяльнасць тэхніка-механіка, нават 5 месяцаў папрацаваць трактарыстам у мясцовым ПМС. Работа давалася лёгка, бо Дзмітрый з малых гадоў быў, як кажуць, з тэхнікай на «ты». Калі прызвалі ў армію, то перад юнаком пытання кшталту ісці ці не ісці служыць не стаяла. Быў толькі выбар паміж дэсантнай службай або пагранічнай. Напэўна, па волі лёсу Дмітрыю было наканавана трапіць на граніцу. І, як прызнаецца сам, дагэтуль не пашкадаваў, што абставіны склаліся менавіта так.

Два месяцы хлопец праходзіў падрыхтоўку ў Полацку: дэталёва вывучаў зброю, рыхтаваўся фізічна, выпрацоўваў рашучасць, адказнасць, камунікабельнасць. Пасля атрымаў званне інспектара пагранічнай службы і па размеркаванні трапіў на заставу «Урбаны». Тут ужо, заступаючы ў такія нарады, як дазор ці сакрэт, адчуў сапраўдную службу воінаў у зялёных фуражках. Не раз Дзмітрыю прыходзілася ўдзельнічаць у пошукавых дзеяннях, адпрацоўваць вучэбныя і нават баявыя парушэнні пагранічнага рэжыму на браслаўскай, дагэтуль не зведанай для яго зямлі. Хоць, кажа хлопец, пра прыгожы край блакітных азёр чуў, і не раз.

Увогуле ж графік у салдата на заставе зусім не шаблонны, як можа падацца на першы погляд. Пасля напружанага нарада на граніцы, прычым з баявой зброяй, — адсыпны дзень, затым — зноў у нарад, падчас якога можаш трапіць і на парушальнікаў мяжы. Час ідзе вельмі хутка. А вось адзіны выхадны не абавязкова прыпадзе на суботу ці нядзелю, затое правесці яго можна з карысцю: патрэніравацца, пачытаць, паглядзець тэлеперадачы, сустрэцца з роднымі. Дарэчы, нягледзячы на сотні кіламетраў, да Дзмітрыя некалькі разоў прыязджалі на госці і бацькі, якія ўпэўніліся на свае вочы, што ўмовы службы ў іх сына выдатныя.

На самай справе сучасныя заставы, размешчаныя ў нашым раёне, нагадваюць невялікія гарадкі з усім неабходным на адносна невялікай тэрыторыі: баня, запраўка, спартыўныя і вучэбныя пляцоўкі для адпрацоўкі спецыяльных навыкаў, падсобныя гаспадаркі. Атрымліваецца гэткі адзіны зладжаны арганізм ці калектыў са сваім размеркаваным укладам. А калі ў цябе, дадае ў размове Дзмітрый Савянок, такі справядлівы вопытны камандзір, як Артур Бельскі, і побач надзейныя сябры, то ўвогуле служба не можа здацца марна патрачаным часам.

З сябрамі ж хлопцу пашанцавала: разам з ім служаць два яго таварышы-аднагрупнікі ды яшчэ некалькі землякоў. Наладзіць таварыскія адносіны ўдалося з усімі, бо пагранічнікі славяцца сваімі ўстаўнымі адносінамі і традыцыямі.

— Хутка май — і дадому, — з радасцю ў вачах гаворыць Дзмітрый і дадае: — Звальнення са службы, вядома ж, чакаю, аднак на дадзены момант я ўсім задаволены, нават былі думкі перайсці на кантракт. З сумам буду ўзгадваць браслаўскую прыроду: з задавальненнем папаляваў бы тут ці парыбачыў. Планаў на далейшае жыццё шмат, хачу паступаць вучыцца. Аднак упэўнены, што нездарма прайшоў такую школу, умацаваў характар, адчуў вайсковае таварыства, трымаў у руках зброю і зведаў знутры, як ахоўваюцца межы нашай Бацькаўшчыны.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.