Выхаванец Браслаўскай ДЮСШ прывёз адразу дзве ўзнагароды з абласных спаборніцтваў

Люди

На фота: Трэнер Максім Маткоўскі і яго падапечны Вадзім Зенчанка.

Адразу дзве ўзнагароды прывёз са сваіх першых абласных спаборніцтваў выхаванец Браслаўскай ДЮСШ Вадзім Зенчанка.

Першынство Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы сабрала юнакоў і дзяўчат 2005 — 2006 г. н. Спаборніцтвы праходзілі ў некалькіх дысцыплінах. В. Зенчанка спрабаваў свае сілы ў спартыўнай хадзьбе на 2 і 3 тысячы метраў. Хлопцу ўдалося абысці сваіх сапернікаў і паказаць трэці вынік на абедзвюх дыстанцыях.

Як расказаў яго трэнер Максім Маткоўскі, перад паездкай браслаўчане старанна рыхтаваліся і адточвалі менавіта гэты від. Увогуле для Вадзіма выступленне — спартыўны дэбют, бо ён толькі мінулай восенню пачаў займацца ў ДЮСШ лёгкай атлетыкай, і першыя ж спаборніцтвы сталі паспяховымі. Па прызнанні хлопца, ён хваляваўся перад стартамі і вельмі задаволены сваімі вынікамі. Цяпер жа трэнер разам з падапечным мараць пра тое, каб на наступным першынстве ім паказаць лепшую хуткасць, і таму трэніруюцца з яшчэ большай настойлівасцю.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.