Браслаўшчына сустрэла «Эстафету Перамогі»

Новости
Міжнародная эстафета, прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, стартавала 5 лютага ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». У Беларусі эстафетная група павінна была прайсці ўздоўж дзяржаўнай мяжы з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Заключны этап своеасаблівага марафону на беларускай зямлі пачаўся 13 лютага: у гэты дзень эстафету ад смаргонскіх пагранічнікаў на Браслаўшчыне прынялі полацкія калегі.

Менавіта ў Браславе эстафетную групу з сімваламі міжнароднай акцыі сустракалі каля помніка воінам-вызваліцелям. На ўрачысты мітынг сабралася кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік эстафетнай групы палкоўнік Кірыл Кіндзель адзначыў, што гісторыя такіх марафонаў бярэ пачатак яшчэ ў далёкім мінулым і з гадамі акцыя стала добрай традыцыяй.

— Упершыню ў суверэннай Беларусі эстафета ўздоўж межаў краіны праходзіла ў 1998 годзе ў гонар 80-годдзя пагранічных войск, у 2001-м яна прысвячалася памяці воінаўпагранічнікаў, якія першымі ўступілі ў бой на дзяржаўнай мяжы 22 чэрвеня 1941 года. «Эстафета Перамогі» праводзілася ў гонар 60-й, 65-й і 70-й гадавін Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Цяперашні шлях праходзіць па месцах жорсткіх баёў воінаў-пагранічнікаў у гады вайны. За гэтыя дні марафон пераадолеў ужо некалькі тысяч кіламетраў. Ён нясе з сабой гістарычную памяць пра подзвіг пагранічнікаў, воінаў Чырвонай Арміі, падпольшчыкаў і партызан, якія выратавалі чалавецтва ад жахаў карычневай чумы, — падкрэсліў значнасць мерапрыемства Кірыл Кіндзель.

Эстафета арганізавана ў адпаведнасці з рашэннем Савета камандуючых пагранічнымі войскамі дзяржаў — удзельніц СНД і праводзіцца з мэтай умацавання адзінства і сяброўства, што гістарычна склаліся паміж народамі былога СССР, захавання памяці пра гераічную барацьбу нашых краін супраць фашызму. Пятага лютага яна адначасова стартавала ў Брэсце і расійскім Мурманску і двума маршрутамі пройдзе па тэрыторыі дзевяці краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана.

Пра бясцэнную важнасць памяці тых крывавых выпрабаванняў і далёкіх, але дагэтуль не забытых падзей узгадвалі ў сваіх выступленнях старшыня райсавета Ніна Пучынская, настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Міхаіл Каляда, старшыня Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Варвара Паніч. Ад імя ветэранаў Полацкага пагранічнага атрада слова трымаў Васілій Трафіменка.

Мітынг завяршыўся хвілінай маўчання ў памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, ускладаннем вянкоў і кветак да помніка воінам-вызваліцелям, а таксама гімнам пагранічнікаў у выкананні салістаў аркестра Полацкага пагранатрада.

Па заканчэнні ўрачыстасцей на Браслаўшчыне міжнародная эстафета ўзяла курс на Верхнядзвінск. А ўжо 18 лютага на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі — на Кургане Дружбы — яна была перададзена расійскім пагранічнікам. Завершыцца ж эстафета Перамогі 28 мая ў Маскве каля помніка «Пагранічнікам Айчыны».

 

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.