Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (люты 1985-га)

Калейдоскоп

АБ ВЫНІКАХ ВЫБАРАЎ

Выбарчая камісія паведамляе, што ў выбарах у раённы Савет народных дэпутатаў удзельнічалі 100 працэнтаў выбаршчыкаў, унесеных у спісы. За дэпутатаў райсавета выказаліся 99,99 працэнта выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. У раённы Савет выбралі 80 дэпутатаў, з іх 40 жанчын, 39 членаў і кандыдатаў у члены КПСС, 19 членаў ВКЛСМ, 30 рабочых і 17 калгаснікаў.

РАЗВІЦЦЁ ТЭЛЕФОННАЙ СУВЯЗІ

ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову, накіраваную на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і развіццё паслуг тэлефоннай сувязі, прадастаўляемых насельніцтву. Згодна з дакументам, будзе пашырана сетка гарадскіх, сельскіх і міжгародніх тэлефонаў-аўтаматаў, кругласутачна даступных для грамадзян. У 1986 — 1990 гадах плануецца мець тэлефоны ва ўсіх медустановах, школах, садах і яслях, піянерскіх лагерах, на прадпрыемствах.

НА ДЗЯРЖАЎНАЙ, ЯК НА ЎЛАСНАЙ

Эканоміць, эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку і рабочы час — вось дэвіз кожнага калектыву, работніка! Але ёсць яшчэ тыя, хто абыякава ставіцца да пытання беражлівасці і выкарыстоўвае дзяржаўны транспарт у асабістых інтарэсах. Падчас рэйду выявілася: адзін механізатар да вечара блукаў па магазінах, другі пад універмагам чакаў галоўнага бухгалтара, трэці таксама накіраваўся за пакупкамі… Вось з такіх «дробязей» і трэба разгортваць барацьбу за парадак.

СТВАРАЕЦЦА ЗАКАЗНІК

У прыгараднай зоне Браслава, паблізу вёскі Дубкі, выяўлены рэдкія і знікаючыя віды раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу БССР. Гэта вадазбор звычайны, пралеска высакародная, паўночная лінея, званочак персікалісты і інш. З мэтай захавання ўнікальнага кутка прыроды вырашана стварыць тут батанічны заказнік «Дубкі».

ПАПОЎНІЛІ ФОНД

Педагогі Дрысвяцкай СШ аднадушна падтрымліваюць міралюбівую палітыку Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы. Большасць настаўнікаў перажылі гады ваеннага ліхалецця, зведалі голад, разруху, цяжар страт. Каб такога больш не паўтарылася, яны далучаюць свае галасы да мільёнаў барацьбітоў за мір на планеце. У год 40-годдзя Вялікай Перамогі педагогі прынялі ўдзел у зборы сродкаў у Савецкі фонд міру. Сума ўзносу склала 110 рублёў.

ПЛЁНКУ РАЗБУРАЕ СВЯТЛО

Адслужыць свой тэрмін і бясследна знікнуць — такое прызначэнне палімеру, створанага вучонымі Мінска і Ленінграда. Вытворчасць разбураемай святлом плёнкі асвоена наваполацкім вытворчым аб’яднаннем «Палімір». Таннае плёначнае пакрыццё, якое не забруджвае навакольнае асяроддзе пасля выкарыстання, зацікавіць многіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у першую чаргу агароднікаў.

АЦАНІЛІ ПА ВАРТАСЦІ

У Ахрэмаўцах, у будынку станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, пачала працаваць новая пральня самаабслугоўвання, у якой устаноўлена сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне. Новае прадпрыемства бытавога абслугоўвання дазволіць работніцам райсельгастэхнікі, торфабрыкетнага завода, калгасніцам мясцовай гаспадаркі і іншым жыхаркам Ахрэмаўцаў эканоміць свой вольны час на працаёмкай хатняй рабоце — мыцці бялізны.

ПА КАМСАМОЛЬСКІХ ПУЦЁЎКАХ

Райкам камсамола ўзнагародзіў пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва сярод маладых рабочых за 1984 год — швачак ВАБМ Валянціну Часнавіцкую і Яніну Гаспаровіч — турыстычнымі пуцёўкамі ў міжнародны лагер «Растоў Вялікі». З 23 лютага па 5 сакавіка дзяўчаты будуць знаёміцца са славутасцямі «Залатога кола». Пабываюць яны і ў Маскве, агляд гістарычных і знакамітых мясцін якой таксама ўваходзіць у праграму падарожжа.

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.