У Браславе адбылася сустрэча з віцебскім празаікам і публіцыстам Францам Сіўко

Отдых
Свет мастацкай творчасці стаў больш блізкім і зразумелым для тых чытачоў, што завіталі ў цэнтральную раённую бібліятэку. Супрацоўнікі гэтай установы арганізавалі цікавае мерапрыемства, госцем якога стаў Франц Сіўко — віцебскі празаік і публіцыст.

Неяк на прасторах інтэрнэту трапіла на вочы падборка «25 кніг і аўтараў, каб пачаць разбірацца ў сучаснай беларускай літаратуры». Мелася там і імя нашага земляка (сам ён з Мёршчыны, але нарадзіўся ў Друі), які яшчэ ў 80-я гады стаў на ўласную мастацкую сцяжынку ды ўпэўнена крочыць па ёй і сёння. Пісьменнік, у літаратурным багажы якога больш за дзесяць кніг прозы і мноства артыкулаў, прэміі «Гліняны Вялес» і імя У. Караткевіча, падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы сваімі жыццёвымі і творчымі здабыткамі.

З першых хвілін нязмушанай размовы Франц Сіўко завалодаў увагай аўдыторыі. Гэта і не дзіўна, бо вопыт амаль двух дзесяцігоддзяў педагагічнай працы спалучаецца ў яго з безумоўным талентам апавядальніка. Адпраўнай кропкай выступлення госця сталі прадэманстраваныя прысутным фотаздымкі. Кожны з іх — гэта нагода для ўспамінаў пісьменніка пра пэўны выпадак з жыцця, які нярэдка клаўся ў аснову твора. Напрыклад, прыпавесць «Удог» напісана па ўражаннях ад разбуранай старадаўняй сялібы, а ў кнізе «Выспы» на вокладцы намаляваны каменны крыж — такі быў бачны з дзедавай хаты. Сваё жыццёвае крэда пісьменнік акрэсліў радкамі Твардоўскага, які сцвярджаў: галоўнае — спяваць са свайго голасу, а не з чужога. Рэцэнзіі літаратуразнаўцаў сведчаць, што гэта ў Франца Сіўко атрымалася. Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства, празаік патлумачыў, чаму аддае перавагу прыпавесці і эсэ. На яго выбар паўплывалі асаблівасці мыслення (яно ў аўтара засноўваецца на сімвалах) і вялікія магчымасці малых жанраў: у іх можна ўкласці многа сэнсу, у тым ліку павучальнага, ды і, як пажартаваў расказчык, часу шмат эканомяць. Дарэчы, Ф. Сіўко надае выхаванню вялікае значэнне, бо не хоча, каб моладзь пачынала жыццё з памылак.

Падчас размовы стала зразумела, што аўтару неабыякавыя праблемы сучаснасці (прыклад таго — публікацыі ў літаратурных і канфесійных выданнях). Яго хвалююць розныя тэмы — маральнасці, культуры, мовы, захавання гістарычнай спадчыны. Відавочна, што Франц Сіўко моцна прывязаны да сваёй зямлі і людзей, якія на ёй жывуць.

Бадзёры і энергічны, 66-гадовы пісьменнік нямала падарожнічаў, у тым ліку за мяжой, шмат чаго пабачыў. І яму было што сказаць маладым людзям, якія пераважалі сярод удзельнікаў мерапрыемства. Гэтыя парады, альбо, як называе іх сам Франц Сіўко, «урокі», найперш вучаць берагчы сваё, роднае, працаваць над сабой, шукаць месца ў жыцці, цаніць сям’ю і інш. Гаворачы пра годнасць, сілу волі і мужнасць, госць заклікаў не паддавацца кепскім звычкам: сам ён, напрыклад, як найвялікшую перамогу расцэньвае дзень, калі кінуў курыць.

Напрыканцы мерапрыемства дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская акцэнтавала ўвагу прысутных на адносінах Ф. Сіўко да родных мясцін, зазначыўшы, што ў кожнага ёсць месца, «дзе адчуваецца шчаслівае дыханне», і прачытала ўласны верш пра малую радзіму. Ад імя прысутных яна падзякавала пісьменніку за цікавую сустрэчу і магчымасць далучыцца да творчасці, роднай мовы, паразважаць на важныя тэмы.

Франц Сіўко таксама правёў своеасаблівую бліц-прэзентацыю: ён анансаваў абласны альманах «Ратуша», у якім чакаюць твораў таленавітых людзей Віцебшчыны.

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.