Наш зямляк Глеб Шакель у складзе беларускай зборнай выступіў на ІІІ зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях

Главное Люди
У студзені ў Лазане (Швейцарыя) праходзілі ІІІ зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні. Прыемна адзначыць, што ў склад беларускай зборнай уваходзіў наш зямляк Глеб Шакель.

Бацькі хлопца Юрый і Кацярына — апантаныя прыхільнікі здаровага ладу жыцця, займаюцца агратурызмам і заўсёды падтрымліваюць і арганізоўваюць розныя цікавыя спартыўныя мерапрыемствы. Так, дастаткова толькі ўзгадаць традыцыйныя веласпаборніцтвы падчас фестывалю Viva Braslav, рэспубліканскі зімовы трыятлон, арыенціраванне і інш. Пры гэтым сям’я сама з задавальненнем прымае непасрэдны ўдзел і спаборнічае нараўне з астатнімі спартсменамі, нярэдка ўзнімаючыся на п’едэстал.

Любоў да спорту бацькі на ўласным прыкладзе прывілі сыну. Глеб з дзяцінства ўдзельнічаў у разнастайных спаборніцтвах, аддаючы асаблівую перавагу веласіпеду і лыжам. Захапленне і ўпартыя трэніроўкі прывялі ў юнацкую зборную Беларусі. У складзе каманды Глеб абараняў гонар нашай краіны на міжнароднай арэне ў Лазане ў лыжных гонках (скі-кросе) і сярод суайчыннікаў паказаў лепшы вынік: яму адзінаму з беларусаў удалося трапіць у паўфінал. Глеб удала прайшоў кваліфікацыю, але не змог апярэдзіць мацнейшых лыжнікаў з Нарвегіі і Швецыі. Яму выпаў і гонар стаць сцяганосцам нашай зборнай на цырымоніі закрыцця зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў.

Наперадзе Глеба чакае шмат розных стартаў. Цяпер ён, напрыклад, знаходзіцца на трэніровачным зборы ў Раўбічах. Спадзяёмся, што яму паспадарожнічае ўдача, і будзем чакаць добрых навін. А юным браслаўчанам можна браць прыклад з хлопца і ведаць, што цярплівасць крок за крокам вядзе да ажыццяўлення мары.

Алена НАБЕЕВА.

Здымак с сайта НАК Беларусі.