Браслаўчаніну Валерыю Мілевічу прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны»

Главное Люди
Электрагазазваршчык 5 разраду транспартнага ўчастка КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Валерый Мілевіч, бадай, выпадкова прыйшоў у гэтую прафесію, а яна стала сэнсам яго жыцця.

— Пасля службы ў арміі круціў баранку самазвала ў сельгаспрадпрыемстве, — успамінае сёння пачатак сваёй працоўнай дзейнасці Валерый. — Потым мне даручылі бензавоз. Акрамя запраўкі тэхнікі, цягаў за ім па «маякоўскіх» палях электразварку. Неяк прывабіла, як зваршчык вядзе распаленае металічнае шво. Паспрабаваў — спадабалася. А пасля трохмесячных курсаў у Віцебску і перакваліфікаваўся. Цяпер, лічу, ужо да пенсіі не адыду ад металу, — усміхаецца субяседнік.

За 35 гадоў працоўнага стажу Валерыю давялося па розных жыццёвых абставінах змяніць некалькі рабочых месц, але ўсё роўна ён вяртаўся да свайго выбару быць зваршчыкам і здзяйсняць імкненне павышаць майстэрства менавіта ў гэтай справе.

Сёння В. Мілевіча цэняць у «Браслаў-камунальніку» найперш як высакакласнага спецыяліста, які пры дапамозе электрычнай ці газавай зваркі ўмела і якасна злучае дэталі, вузлы, канструкцыі рознай складанасці з разнастайных відаў сталі, каляровых металаў і сплаваў. Да таго ж у арганізацыі падкрэсліваюць такія яго чалавечыя якасці, як высокая працаздольнасць, добрасумленнасць і адказнасць.

У транспартным участку камунальнага прадпрыемства зваршчык больш часу надае абслугоўванню тэхнікі. Яна, вядома ж, далёка не новая, ламаецца часта. І Валерый сваімі майстэрскімі рукамі падаўжае жыццё розным агрэгатам, а значыць, скарачае час прастою транспарту і эканоміць сродкі арганізацыі на набыццё новых дэталей для рамонту.

Не развітваецца электрагазазваршчык з прафесійным інструментам і ў вольны час. Двор яго дома ўпрыгожваюць металічныя птушкі натуральнай велічыні з сотнямі вытанчаных пёркаў, на ўваходзе ў жыллё сустракае рыцар. Валерый кажа, што мастацкую апрацоўку металу пачаў асвойваць самастойна гады 2 таму назад і захапіўся такой справай.

Творчыя здольнасці чалавека, які шмат гадоў спрытна арудаваў зваркай з грубым металам, а пачаў яшчэ і «варажыць» з мастацкімі формамі і ўзорамі, не засталіся незаўважанымі. Асабліва аказаліся яны запатрабаванымі ў час падрыхтоўкі Браслава да «Дажынак – 2019»: кіраўніцтва прадпрыемства з галавой акунула свайго электрагазазваршчыка ў творчую работу па стварэнні малых архітэктурных форм і канструкцый.

Цяпер многія грамадскія месцы горада ўпрыгожваюць карысныя і дэкаратыўныя рэчы ручной работы: велічная арка на ўваходзе да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, прыгожыя агароджы рознай формы вакол маладых дрэўцаў, каваныя ліхтары ў парку і ўздоўж стадыёна, аўтобусныя павільёны і сушылкі для бялізны, фігурна звараныя урны, незвычайныя кветкі ў парку камянёў, там жа — зямны шар і г. д. Ва ўсіх гэтых канструкцыях добраўпарадкавання райцэнтра ёсць асабісты ўклад Валерыя Мілевіча, які мае мастацкі густ і залатыя рукі. Таму, бадай, нікога з яго знаёмых не здзівіла навіна, што ён увайшоў у лік лепшых працаўнікоў вобласці, якім прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны – 2019». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.