Эканамічны стан раёна і занятасць насельніцтва абмеркавалі на адзіным дні інфармавання ў калектыве ПМС

Новости
Эканамічны стан раёна, занятасць насельніцтва і ўзровень беспрацоўя, а таксама карупцыйныя захады ў сучасным грамадстве сталі асноўнымі тэмамі абмеркавання на адзіным дні інфармавання ў калектыве ПМС.

Такія надзённыя пытанні не маглі не зацікавіць супрацоўнікаў аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Браслаўшчыны. Заклапочаныя задачамі на новы працоўны дзень і выкананнем даведзеных ім паказчыкаў, работнікі ўсё ж такі ўважліва слухалі актуальную і дакладную інфармацыю ад прадстаўнікоў працоўнай групы.

У мінулым годзе раён, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, развіваўся даволі трывала. Выкананы 6 з 12 даведзеных абласных паказчыкаў. Аналізуючы ўдзел прадпрыемстваў і арганізацый у эканоміцы Браслаўшчыны, намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская завастрыла ўвагу на ўклад ПМС: ён складае 3 %, у той час як затраты 9,3 %. Відавочна, што эфектыўнасць дзейнасці трэба павышаць, тады і агульныя паказчыкі будуць значна лепшымі.

Адзначыла А. Бабінская, што ў раёне забяспечаны экспарт тавараў, выкананы аб’ём будаўніча-мантажных работ, рознічны таваразварот грамадскага харчавання, развіваецца малы і сярэдні бізнес. Таксама дзякуючы фінансаванню, выдзеленаму ў рамках правядзення абласнога фестывалю «Дажынкі – 2019», вялікія грашовыя ўліванні адбыліся ў сацыяльную сферу Браслаўшчыны. Абнавіліся самі і палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу многія раённыя ўстановы адукацыі і культуры, цэнтральная раённая бальніца, з’явілася шмат сацыяльна важных аб’ектаў, у тым ліку для развіцця спорту і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Стрымліваючымі фактарамі па-ранейшаму застаюцца значны знос тэхнікі і абсталявання (гэта тычыцца як сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, так і іншых, уключаючы і ПМС), слабы маркетынгавы патэнцыял, а таксама чалавечы фактар, дзе немалаважную ролю адыгрывае працоўная дысцыпліна і добрасумленныя адносіны да справы. Канчатковы вынік, падкрэслівала Алена Бабінская, залежыць ад кожнага з нас на сваім рабочым месцы, якую б пасаду чалавек ні займаў.

Хвалюючым пытаннем заўсёды была і застаецца занятасць насельніцтва. Але, як заверыла галоўны спецыяліст аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанарда Пятушка, у нашым раёне ўзровень беспрацоўя складае 0,2 %, у цэнтры занятасці зарэгістраваны 10 чалавек, звярнуліся па дапамогу ў працаўладкаванні 230. Сёння свабодных вакансій налічваецца 85, запатрабаванымі з’яўляюцца такія прафесіі, як вадзіцель аўтамабіля, швачка, ветэрынар, бухгалтар, повар, муляр. Нагадала Л. Пятушка, што для працаўладкавання прымяняецца практыка перасялення ў іншую сельскую мясцовасць, перападрыхтоўка кадраў, выдзяленне субсідыі на адкрыццё ўласнай справы і аказанне дапамогі ў арганізацыі самазанятасці.

Актуальная інфармацыя з эканамічнага блока плаўна перайшла да грамадскага. Узрушана паміж сабой супрацоўнікі ПМС абмяркоўвалі факты карупцыйных правапарушэнняў, выяўленых на Браслаўшчыне, стан злачыннасці ў цэлым і пажарабяспечную абстаноўку ў раёне. Прайшоў усяго месяц года, а ёсць ужо ахвяры і ў агні, і ў ДТЗ. Быць заўсёды ўважлівымі і прадбачлівымі прасілі прысутных прадстаўнікі праваахоўных органаў і РАНС: міліцыя звяртала ўвагу на распаўсюджванне махлярства з карткамі і мабільнымі тэлефонамі, ратаўнікі перасцерагалі ад выхаду на ваду на лодках і магчымы першы лёд. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.