Дэпутаты абмеркавалі добраўпарадкаванне сельсаветаў Браслаўшчыны

Власть и общество
Вынікі маштабнай леташняй работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на землях сельсаветаў Браслаўшчыны падвялі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

«Гэты накірунак дзейнасці органаў мясцовага кіравання вельмі важны, — адкрываючы форум, адзначыла старшыня райсавета Ніна Пучынская. — Працягваецца год малой радзімы, мы адзначаем юбілей раёна. Увогуле, ад таго, як выглядаюць населеныя пункты, залежыць агульнае ўражанне нашых гасцей ад Браслаўшчыны».

Тым часам навядзенне, так сказаць, прыгажосці — справа няпростая і нярэдка банальна дарагая. Так, каардынуюць яе ўлады, аднак справіцца толькі сваімі сіламі яны могуць далёка не заўсёды. У такіх выпадках на дапамогу прыходзяць прадпрыемствы і арганізацыі, дэпутацкі корпус, актыў, старэйшыны, мясцовыя жыхары. І практыка паказвае, што разам можна вырашыць нават самыя складаныя пытанні.

Па словах галоўнага спецыяліста апарата райсавета Алены Мурашкі, у 2019 годзе сельсаветы накіравалі на добраўпарадкаванне звыш 69 тысяч рублёў. Большая частка гэтай сумы выкарыстана на асвятленне, падтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, бягучае ўтрыманне і рамонт аб’ектаў. Ёсць і дадатковыя крыніцы сродкаў: продаж участкаў, самаабкладанне. Але так жа дадаткова ёсць і патрэба ў грашах. Азеляненне, малыя архітэктурныя формы, выдаленне аварыйных дрэў, падтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў, абсталяванне пляцовак для асобнага збору смецця — пералік можна працягваць.

Разам з тым у рамках добраўпарадкавання ў кожным цэнтры сельсавета раёна створаны месцы грамадскага адпачынку і дзіцячыя пляцоўкі. Вялікая работа праведзена ў сувязі з падрыхтоўкай да «Дажынак». Планамерна зносяцца пустуючыя і лядашчыя пабудовы, у гаспадарчы абарот вяртаюцца аб’екты, якія дагэтуль працяглы час не выкарыстоўваліся.

У ліку праблемных аспектаў застаецца барацьба з баршчэўнікам, узаемадзеянне з гаспадарамі сядзіб, якія нярэдка жывуць за мяжой, знос лядашчых дамоў, асобныя пытанні землекарыстання, узаемаадносіны з абласнымі шэфскімі арганізацыямі.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фото з архіва Б/З.