Як часта вы карыстаецеся стацыянарным тэлефонам?

Власть и общество
Цяпер, бадай, цяжка знайсці на Браслаўшчыне дом ці кватэру, дзе не было б стацыянарнага тэлефона. І на вузле электрычнай сувязі на яго ўстаноўку няма чаргі, як было калісьці. Але што цікава…

Нядаўна «Браслаўская звязда» правяла ў сацыяльных сетках апытанне на тэму «Як часта вы карыстаецеся стацыянарным тэлефонам?». Паўдзельнічалі ў ім 402 рэспандэнты. І 55 % з іх адказалі, што ўвогуле не карыстаюцца «дамашнім» тэлефонам. Да іх можна смела прыплюсаваць і 15 % тых, хто прыкладае да вуха стацыянарную трубку 1 – 2 разы ў месяц. А вось штодзённа карыстаюцца ёй дома ўсяго толькі 8 % людзей, якія прынялі ўдзел у апытанні, і 15 % — кожны дзень на рабоце.

Ці азначаюць гэтыя лічбы, што размаўляць адзін з адным на адлегласці мы сталі менш? Наўрад ці, проста і ў традыцыйныя людскія зносіны ўмяшаўся прагрэс з яго мабільнымі тэлефонамі, камп’ютарамі і інтэрнэтам. З жывой практыкі, напрыклад, ведаю нямала аматараў, асабліва жаночага полу, якія ледзь не гадзінамі любяць пабалбатаць вечарам і ў выхадны дзень па сотавым, не звяртаючы ўвагі на тое, што за кожную мінуту размовы набягае пэўная сума, у той час як стацыянарны тэлефон «пыліцца» без работы ў суседнім пакоі і абыходзіцца нам крыху больш за 3 рублі ў месяц. І за сабой іншым разам заўважаю, што нават седзячы ў рабочым кабінеце каля трубкі, прасцей і зручней націснуць кнопку кантактаў уласнага мабільніка, чым шукаць патрэбны нумар арганізацыі ў запісной кніжцы. Новыя выгоды прагрэсу фарміруюць і новыя прывычкі.

Казімір ПЯТУШКА.