У Мінску 27 – 28 лютага адбудзецца VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Власть и общество
Браслаўскі раён на ім прадставіць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Сінькевіч. Мы папрасілі яе падзяліцца думкамі наконт маштабнага мерапрыемства.

— Для мяне вельмі ганарова і разам з тым адказна прадстаўляць наш раён на гэтым з’ездзе. Мінулы год быў важным для прафсаюзнага руху. Па краіне праходзілі справаздачна-выбарчыя сходы і канферэнцыі, падводзіліся вынікі праведзенай за пяць гадоў працы, намячаліся планы на будучыню. Сёлета гэтая кампанія падыходзіць да свайго фіналу і завершыцца 28 лютага VIII з’ездам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Плануецца, што ў яго рабоце прыме ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. З усёй краіны абраны 508 дэлегатаў.

На з’ездзе вызначаць асноўныя напрамкі работы аб’яднання на бліжэйшы перыяд і задачы, над вырашэннем якіх прафсаюзы будуць працаваць наступных пяць гадоў. Усе пытанні знойдуць адлюстраванне ў праграме дзейнасці ФПБ на 2020 — 2025 гг. Мы ўжо працуем з гэтым дакументам. І для мяне важна, каб у ім былі таксама адлюстраваны інтарэсы і праблематыка, актуальныя для нашага раёна.

Праца, зробленая ў папярэднія гады, як ніколі, паказала сілу прафсаюзнага руху краіны. Гэта аўтарытэтная арганізацыя, пазіцыя якой мае вагу на ўсіх узроўнях — ад мясцовай улады да ўрада. З нашай ініцыятывы былі прыняты важныя змены ў заканадаўчых актах, што паляпшаюць жыццё працоўных. Упершыню ў гісторыі Федэрацыя прафсаюзаў нароўні з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. Усяго ФПБ былі ўнесены прапановы па змене больш як трыццаць артыкулаў. Велізарная работа праведзена ў прававой сферы і галіне аховы працы, тым не менш яшчэ ёсць нявырашаныя пытанні. І я ўпэўнена, што ў наступных пяць гадоў нам разам атрымаецца дасягнуць большага.