У Віцебску ўзнагародзілі лаўрэатаў прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2019» (відэа)

Власть и общество
Напрыканцы мінулага тыдня ў Віцебску ўшанавалі лепшых па выніках 2019 года работнікаў вобласці. У рамках урачыстай цырымоніі 50 прадстаўнікоў Прыдзвіння, якія дабіліся найбольш значных вынікаў у працы, удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Дарэчы, гэтая прэмія прысуджваецца з 2009 года. Цяпер у ёй пяць намінацый: «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка»; «Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес»; «Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі»; «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)»; «Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджванне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый».

На цырымоніі ўручэння высокіх узнагарод старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» — гэта высокая ацэнка заслуг чалавека-стваральніка, адданага сваёй справе. Яно аб’ядноўвае тых, хто знайшоў сваё прызванне, здолеў рэалізаваць сябе і цяпер падтрымлівае прэстыж не толькі свайго рэгіёна, але і краіны ў цэлым. «Дасягненні кожнага з вас — гэта поспех усёй вобласці. Мы па праве ганарымся вашымі перамогамі. І калі кожны на сваім працоўным месцы будзе клапаціцца пра эфектыўнасць сваёй справы так, як вы, то і наша жыццё будзе больш лепшым», — сказаў кіраўнік вобласці, звяртаючыся да лаўрэатаў конкурсу. Ён падкрэсліў, што іх таленты прыносяць неацэнную карысць і выказаў словы падзякі за добрасумленную працу, ініцыятыву і наватарства.

Дарэчы, браслаўчане ў ліку лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» ёсць штогод. А тым часам гэта няпроста: канкурэнцыя вельмі высокая, а кожны прэтэндэнт праходзіць працяглы і жорсткі адбор.

Сёлета гонар быць лепшым выпаў электрагазазваршчыку КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Валерыю Мілевічу. Нягледзячы на тое, што ён абслугоўвае транспартны ўчастак прадпрыемства, рука майстра прыкладзена, можна сказаць, да ўсяго Браслава.

Справа ў тым, што свой прафесіяналізм В. Мілевіч удала спалучае з творчай жылкай, дзякуючы чаму наш горад літаральна паўсюдна ўпрыгожваюць нетрывіяльныя элементы добраўпарадкавання. На цэнтральных вуліцах і ў дварах, у скверах і на газонах, у Леснічоўцы і на аўтобусных прыпынках — практычна любая металічная канструкцыя ў Браславе, якую за яе прыгажосць і незвычайнасць выхоплівае позірк, створана рукамі апантанага зваршчыка. І хоць большая частка гэтай работы выканана ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», сэнс яе ў іншым. Справа ў тым, што да вырашэння любой задачы можна падысці крыху больш творча, дадаць да выканання сухіх службовых абавязкаў уласную ініцыятыву і сацыяльную адказнасць. На думку старшыні аблвыканкама, так і толькі так мы зможам паскорыць развіццё Віцебшчыны: рэканструяваць і тэхнічна перааснасціць прадпрыемствы, укараніць сучасныя тэхналогіі, асвоіць выпуск новай прадукцыі, павысіць інвестыцыйную прывабнасць рэгіёна.

І за лічбамі росту заўсёды стаяць людзі. Працаўнікі прамысловых цэхаў і хлебнай нівы, педагагічныя і медыцынскія работнікі, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і спартсмены — ва ўсіх сферах і прафесіях пры ўмове адказнага падыходу і любові да сваёй справы можна эфектыўна працаваць на карысць грамадства і сваёй малой радзімы. Лепшыя ж, як паказвае практыка, незаўважанымі не застануцца.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.