У Браславе ўрачыста адкрылі абноўлены райваенкамат

Актуальное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Комплекс яго будынкаў цяпер не толькі годна выглядае звонку, а і адпавядае патрабаванням часу знутры. Удзел у цырымоніі прынялі старшыні райвыканкама і райсавета Аляксандр Баданін і Ніна Пучынская адпаведна, ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Руслан Шкодзін, кіраўніцтва пагранічнай камендатуры «Опса» і РАУС, моладзь.

Падчас урачыстай прамовы Аляксандр Баданін заўважыў, што ўвод у строй літаральна новага ваенкамата супаў з мноствам юбілейных дат. «Сёлета мы адзначаем 955-годдзе горада Браслава, 80-годдзе з дня ўтварэння Браслаўскага раёна, 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Важна і тое, што камісарыят адчыніў свае дзверы напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. Браслаўчане, якія жывуць побач з мяжой, бадай, лепш за ўсіх ведаюць, што значыць абараняць дзяржаўную граніцу і краіну ў цэлым», — падкрэсліў ён.

Па словах старшыні райвыканкама, ваенкамат — менавіта тое месца, дзе будучых абаронцаў сустракаюць, рыхтуюць і размяркоўваюць па войсках. «Цяпер жа кожны з іх ужо на першых этапах гэтага працэса зможа адчуць клопат і ўвагу з боку краіны», — рэзюмаваў А. Баданін.

За аказаную падтрымку і дапамогу браслаўчанам падзякаваў Руслан Шкодзін. Ён адзначыў, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, якія рэгулярна ўзнікалі падчас маштабнага рамонту, дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню і паразуменню выйсце заўсёды ўдавалася знайсці. «Увогуле мы бачым яскравы прыклад сумеснай работы: вобласць прафінансавала будоўлю, раён — добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, ваеннае ведамства — аснашчэнне ўнутраных памяшканняў», — сказаў ваенкам. Дарэчы, усяго на рэканструкцыю браслаўскага камісарыята затрачана больш за 500 тысяч рублёў. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.
Фота аўтара.