Ролю культуры ў развіцці турызму абмеркавалі ў Браславе

Власть и общество
Які турыстычны патэнцыял мае гісторыка-культурная спадчына і як выкарыстаць яго ў інтарэсах грамадства? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі семінара «Рэсурсы культуры для ўстойлівага развіцця Браслаўшчыны і сферы турызму рэгіёна».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «Традыцыі і інавацыі Паазер’я», фонд «Культурная спадчына і сучаснасць» і Браслаўскі райвыканкам. На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў улады, турбізнесу, спецыялістаў сферы культуры і мясцовых актывістаў.

Адкрываючы семінар, дырэктар установы «Традыцыі і інавацыі Паазер’я» Надзея Дударонак зазначыла, што культура і турызм не толькі могуць узаемадапаўняць адна аднаго, але і павінны гэта рабіць. Да таго ж на Браслаўшчыне існуе больш за 50 помнікаў культурна-гістарычнай спадчыны, ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы і дзейнічае каля 300 аграсядзіб і турпрадпрыемстваў.

Экcперт семінара, дырэктар фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Ала Сташкевіч падчас прэзентацыі таксама прывяла нямала цікавых прыкладаў, калі турыстычны бізнес будуецца на невялікіх мясцовых адмысловых «фішках».

Сваім вопытам у развіцці разнастайных праектаў з прысутнымі падзяліліся старшыня аб’яднання «Еўрарэгіён “Азёрны край”» Юлія Герцава, арганізатары раскопак на востраве Манастыр Алена Шэўчык і фестывалю Viva Braslav Яўген Лабуць, начальнік аддзела турызму нацпарка «Браслаўскія азёры» Юлія Паўлоўская. Пазнавальнымі былі і выступленні ўладальнікаў аграсядзіб «Хутар Ёдзішкі» і «Хутар дудара» (Валожынскі раён) Андрэя Абрамава і Алеся Лося адпаведна.

Пасля тэарэтычнай часткі і даволі бурнага абмеркавання ідэй і заўваг пачалася практычная: стварэнне турыстычных праграм на 4 – 5 дзён і іх абарона. Усе яны атрымаліся займальнымі і рэальнымі для ажыццяўлення.

Падводзячы ж вынікі семінара і абмяркоўваючы патэнцыяльныя турпрапановы, удзельнікі прыйшлі да высновы, што браслаўскі край валодае багатым культурным патэнцыялам, які неабходна прасоўваць і прапаноўваць турыстам для азнаямлення, аднак разам з тым у рэгіёне хапае і нявырашаных пытанняў, якія маюць уплыў на развіццё турызму. Гэта адсутнасць агульнай камунікацыйнай пляцоўкі ці інфармацыйнага цэнтра, інтэрнэт-сайта, дзе збіралася б уся актуальная інфармацыя пра турыстычныя прапановы, месцы адпачынку, сядзібы, пракат, мерапрыемствы і многае іншае. Адсутнічае таксама і адзіная канцэпцыя прасоўвання Браслаўшчыны, бо кожны зацікаўлены бок працуе паасобку замест таго, каб аб’яднаць намаганні. Змяніць такую сітуацыю, па меркаванні ўдзельнікаў семінара, можа цеснае супрацоўніцтва ўлады і прадстаўнікоў культурнай і турыстычнай сфер, а сумесныя форумы дамогуць задаць неабходны накірунак працы.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.