«Настаўніка года» вызначылі ў Браслаўскім раёне

Власть и общество
На мінулым тыдні ў Браславе падвялі вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2020».

Сёлета ў ім удзельнічалі дзесяць педагогаў Браслаўшчыны, якія прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства ў васьмі намінацыях. На працягу двух тыдняў ім давялося правесці ўрок ці заняткі ў незнаёмым класе або групе выхаванцаў, арганізаваць майстар-класы для педагогаў, абагульніць вопыт сваёй работы, прадэманстраваць відэаўрок і прадставіць на суд журы самапрэзентацыю і пры гэтым не пакідаць сваё асноўнае месца работы і сям’ю.

Удзельнікаў педагагічнага марафону вітаў начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч. Ён адзначыў, што за гады свайго існавання конкурс заваяваў шырокую папулярнасць і стаў адным з самых важных праектаў, накіраваных на заахвочванне лепшых педагогаў. «З году ў год гэтае мерапрыемства садзейнічае актыўнаму абмену вопытам, дапамагае захаваць багатыя традыцыі айчыннай адукацыі і разам з тым знаходзіць больш эфектыўныя метады навучання. Конкурс «Настаўнік года» выявіў не адно пакаленне яскравых і таленавітых педагогаў, якія з гонарам адстойваюць прэстыж раёна на абласным і рэспубліканскім узроўнях», — сказаў ён.

І. Абаровіч падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства за тое, што яны выбралі такую неабходную для грамадства прафесію і працягваюць займацца ёю, асвойваючы ўсё новае і новае. А таксама пажадаў поспеху на абласным этапе.

Згодна з выніковымі ацэнкамі кампетэнтнага журы пераможцамі конкурсу сталі: настаўнік матэматыкі Відзаўскай СШ Вольга Алёшына, настаўнік англійскай мовы Друйскай ЯССШ Яўгенія Кірылава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 Мая Кандрацьева, настаўнік працоўнага навучання Опсаўскай ЯССШ Леанід Стрыновіч, настаўнік біялогіі гімназіі Лілія Кугно і выхавальніца ясляў-сада № 3 г. Браслава Наталля Пяскарская. Усе яны атрымалі дыпломы і грашовыя сертыфікаты, якія прадставіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.