Наведвальнікі ТЦСАН робяць сваімі рукамі цудоўныя і эксклюзіўныя рэчы

В свободное время
Цудоўныя і эксклюзіўныя рэчы робяць сваімі рукамі наведвальнікі аддзялення і забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага знаходжання пры ТЦСАН. І ў кожны выраб яны ўкладваюць часцінку сваёй душы.

На стале — шматкі разнастайнай тканіны, нажніцы, ніткі, іголкі і нават сподак. У хуткім часе дзякуючы руплівасці ўдзельнікаў гуртка «Швейная майстэрня» на свет з’явяцца прыгожыя лялькі і сурвэткі.

Нямала намаганняў даводзіцца прыкласці майстрам, бо ва ўсіх розныя магчымасці. У аднаго праблемы са зрокам, другі не можа выразаць па контуры, нехта не здолее зрабіць роўны шывок, а камусьці няпроста сканцэнтраваць увагу. Таму кожны выраб — вынік зладжанай калектыўнай працы. А добразычлівы кіраўнік гуртка Ларыса Каліноўская дапамагае сваім наведвальнікам увасобіць іх творчыя задумы.

І трэба адзначыць, што кожная рэч выклікае здзіўленне і захапленне, бо зроблена акуратна, прыгожа і з любоўю. Да таго ж майстры асвоілі шмат разнастайных мастацкіх тэхнік.

Гэтыя вырабы можна набыць у «Сувенірнай лаўцы», якая знаходзіцца ў памяшканні ТЦСАН, ці ў магазіне «Простыя рэчы». Таксама супрацоўнікі і наведвальнікі цэнтра прапануюць свае работы на розных гарадскіх масавых мерапрыемствах.

Уся гэта прыгажосць карыстаецца значным попытам як у браслаўчан, так і ў гасцей горада.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.