Дваццаць першага лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы

Власть и общество
Для большасці з нас родная — значыць беларуская. А свята можна лічыць яшчэ адным напамінам, які некалі сфармуляваў класік: не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі.

Багушэвіч заклікаў захоўваць мову як люстэрка нацыі, маўляў, яна — гэта мы, а мы — гэта яна. Наколькі мы выканалі наказ продкаў, сканцэнтраваны ў адным ёмістым сказе, адразу і не скажаш. Як грамадска-культурная з’ява беларуская мова існуе, як вучэбны прадмет — таксама. Але пакладзіце руку на сэрца і адкажыце самому сабе, колькі вы карыстаецеся ёй. Упэўнены, максімум адзін-два чалавекі з дзесяці скажуць, што пастаянна ці хоць бы часта. Астатнія, на жаль…

А калі не размаўляць, а толькі глядзець навакол? Дарожныя і вулічныя ўказальнікі, надпіс «Браслаў» на «Брукоўцы», аўтастанцыя, шыльды з раскладам руху гарадскіх аўтобусаў, «Віталіч», «Заезны двор»… Усё гэта радуе вока. Разам з тым мы кожны дзень бачым мноства аналагічных аншлагаў, выкананых выключна па-руску.

З юрыдычнага пункту гледжання ніякіх пытанняў тут быць не можа: у Беларусі афіцыйна дзве дзяржаўныя мовы. Аднак нават у такім выпадку ёсць паняцце тытульнай. Той, што пераклікаецца з нацыяй і назвай краіны. Той, выкарыстанне якой ніколі не выклікае пытанняў нават пры ўжыванні не ў парным з рускай варыянце. Прычым актуальна гэта як на вуліцах, так і ў сямейным коле.

А мы з вамі, як прадстаўнікі цывілізаванага грамадства, павінны і самі разумець неабходнасць такіх падыходаў, і іншым умець растлумачыць. У тым ліку сваім дзецям, перад якімі мы ў першую чаргу адказваем за захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны. З чаго пачаць? Пачніце з прачытання свежага нумара «Браслаўскай звязды»: усе артыкулы ў ім надрукаваны па-беларуску.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.